Беларуска пра выбары ў Баварыі: «За ХСС прагаласавалі па інэрцыі»

Выбарчая агітацыя на вуліцах Мюнхену

На выбарах у парлямэнт Баварыі, найбуйнейшай зямлі Нямеччыны, лідуе Хрысьціянска-сацыяльны саюз (ХСС) — «сястрынская» партыя Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, які ўзначальвае канцлер Ангела Мэркель.

Паводле экзыт-полаў, гэтая традыцыйна дамінуючая ў Баварыі партыя набрала 49% галасоў выбарнікаў. Гэтых галасоў цалкам дастаткова для таго, каб зноў атрымаць абсалютную большасьць у ляндтагу, выбары ў які ХСС праваліла ў 2008 годзе. Аднак партнэры Мэркель па кіроўнай кааліцыі, свабодныя дэмакраты, на сёлетніх выбарах у Баварыі набралі толькі 3%.

Зводная табліца вынікаў выбараў у Баварыі



Студэнтка паліталёгіі, якая жыве 12 гадоў ў Мюнхене Алёна Церашкавец, распавяла Радыё Свабода, як адбываліся выбары ў Баварыі

Алена Церашкавец

«Падчас галасаваньня ў цэнтры горада адбыўся стрыт-лайф фэстываль, які праводзіў горад Мюнхен, думаю, з падаткаў жыхароў, але хлусіць ня буду, бо дакладна ня ведаю. У любым выпадку ня партыі плацяць: ўсё празрыста і незалежна. Атмасфэра расслабленая, усе гуляюць, адпачываюць, шмат забаваў як для дзяцей, так і для дарослых.

Маладыя баварцы спрабавалі пераканаць народ не выбіраць „па звычцы“ ХСС, а даць магчымасьць, напрыклад, СПД (Сацыял-дэмакратычная партыя). Але ў Баварыі наўрад ці гэта рэальна. Большасьць па інэрцыі будзе галасаваць за ХСС-ХДС. Нам, як замежнікам, лепш, калі выберуць каго-небудзь больш левага, у СПД, ФДП, зялёных самая свабодная палітыка ў адносінах да замежнікаў, яны гатовыя рабіць паслабленьні ў законах для палягчэньня пераезду сюды і інтэграцыі такіх, як мы, у нямецкае грамадзтва».

Напярэдадні выбараў у Мюнхене

Калі Алёна Церашкавец даведалася вынікі галасаваньня, пракамэнтавала наступным чынам: «ХСС зь вялікім адрывам наперадзе, чаго і варта было чакаць... Баварцы — кансэрватыўныя, закаранелыя каталікі, таму галасавалі традыцыйна».

Роўна праз тыдзень, 22 верасьня, у Германіі пройдуць выбары ў Бундэстаг, па выніках якіх, паводле прагнозаў, Ангела Мэркель можа трэці раз запар заняць пасаду фэдэральнага канцлера на чатырохгадовы тэрмін.