Генпракурор Расеі зацікавіўся «калійнай справай»

Генэральны пракурор Расеі Юры Чайка

Генэральная пракуратура Расейскай Фэдэрацыі возьме ўдзел у сумесным расьсьледаваньні абставінаў крымінальнай справы, якую распачалі ў дачыненьні да кіраўніцтва «Ўралкалія» і расейскіх топ-мэнэджэраў БКК, заявіў генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк у эфіры беларускага тэлебачаньня.

«Генэральны пракурор Расеі Юры Чайка зьвярнуўся з хадайніцтвам пра сумеснае расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні да службовых асобаў „Беларускай калійнай кампаніі“», — сказаў Канюк.

Паводле слоў беларускага генпракурора, расейскі бок зацікавіўся расьследаваньнем проціпраўных дзеяньняў абвінавачаных з улікам шкоды, нанесенай РФ:

«Беларускі бок не пярэчыць супраць гэтай прапановы і прыняў станоўчае рашэньне па звароце генпракурора Расеі. Я асабіста даў указаньне аб выдзяленьні матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненьні да расейскіх грамадзян і накіраваньні іх у генэральную пракуратуру Расеі».

Паводле слоў Аляксандра Канюка, генпракурор Расеі выказаў гатоўнасьць аказваць кампэтэнтным органам Беларусі аналягічную дапамогу.