Кіраўніком Міжнароднага алімпійскага камітэту стаў немец Томас Бах

Томас Бах

Міжнародны алімпійскі камітэт абраў свайго новага кіраўніка ў аўторак, 10 верасьня, у апошні дзень працы 125-й сэсіі МАК, якая праходзіла ў Буэнас-Айрэсе.
Дзявятым прэзыдэнтам гэтай арганізацыі стаў кандыдат зь Нямеччыны Томас Бах. Акрамя яго на зьмену Жаку Роге, што ўзначальваў арганізацыю ад 2001 года, прэтэндавалі пяць спартовых функцыянэраў: Сяргей Бубка (Украіна), У Чынкуо (Тайвань), Рычард Карыён (Пуэрта-Рыка), Хуан Сымянь (Сінгапур) і Дэніс Освальд (Швэйцарыя).

Томас Бах стаў першым немцам, які заняў найважнейшую пасаду ў спартовым сьвеце. Былы рапірыст, алімпійскі чэмпіён 1976 года дагэтуль быў віцэ-прэзыдэнтам МАК. Акрамя таго, 59-гадовы Бах займае пасаду кіраўніка апэляцыйнага аддзелу Спартовага арбітражнага суду, дзе курыруе расьсьледаваньні выпадкаў ужываньня допінгу.