Абама патлумачыў сваю пазыцыю па Сырыі

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама зьвярнуўся да амэрыканцаў з прамовай, у якой агучыў асноўныя моманты сваёй стратэгіі ў дачыненьні да Сірыі.
Выкарыстаньне хімічнай зброі 21 жніўня Абама назваў «злачынствам супраць чалавечнасьці».

«Пытаньне заключаецца ў тым, што гатовы зрабіць з гэтай нагоды Злучаныя Штаты Амэрыкі і міжнародная супольнасьць. Таму што тое, што адбылося з гэтымі людзьмі — і з гэтымі дзецьмі — гэта ня толькі парушэньне міжнароднага права, гэта таксама пагроза нашай бясьпекі», — заявіў Абама.

«Калі забарона на выкарыстаньне хімічнай зброі будзе аслаблена, у іншых тыранаў ня будзе прычынаў двойчы падумаць перад тым, як набыць атрутны газ і выкарыстоўваць яго. (...) І тэрарыстычным арганізацыям будзе лягчэй набываць гэтую зброю і выкарыстоўваць яе для нападаў на грамадзянскіх асобаў», патлумачыў Абама.

Абама заявіў, што як галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі ЗША, ён ня мае права не рэагаваць на такія дзеяньні .

Ён чарговым разам адзначыў: у выпадку з Сырыяй гаворка ідзе пра абмежаваны ўдзел амэрыканскага войска ў апэрыцыі. Гэта могуць быць кароткатэрміновыя дзеяньні без выкарыстаньня наземных сілаў.

Абама таксама пракамэнтава прапанову Расеі ўвесьці міжнародны кантроль за сырыйскай хімічнай зброяй: «Занадта рана казаць, ці дазволіць гэта прапанова дамагчыся посьпеху, і любое пагадненьне павінна прадугледжваць пацьверджаньне таго, што рэжым Асада выканае свае абавязацельствы. Аднак гэтая ініцыятыва патэнцыйна здольная ліквідаваць пагрозу (...), асабліва таму, што Расея — адна з галоўных хаўрусьніцаў Асада».

Прэзыдэнт ЗША паабяцаў працягнуць аказваць ціск на рэжым Башара Асада, бо сам ён лічыць за лепшае вырашыць праблему мірных шляхам.