Расея да 2020 закупіць узбраеньняў на 500 000 000 000 эўра

Дзьмітры Рагозін

Яшчэ 100 мільярдаў даляраў будзе выдаткавана на тэхнічнае перааснашчэньне прадпрыемстваў ВПК. Пры гэтым віцэ-прэм’ер Рагозін лічыць, што ракетабудаўнічую і авіяцыйную прамысловасьць трэба перамяшчаць на ўсходнія тэрыторыі.
Віцэ-прэм’ер РФ, спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Расіі ў Прыднястроўі Дзьмітры Рагозін заявіў у аўторак у Кішынэве, што «парадак дня» ХХІ стагодзьдзя для Расеі цяпер знаходзіцца ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

«У Эўрапейскім Зьвязе пра гэта таксама добра ведаюць. Менавіта таму мы лічым, што нам трэба імгненна і неадкладна, не губляючы часу, укладваць сродкі ў разьвіцьцё ўсходніх тэрыторый. Мы будзем перамяшчаць туды ракетабудаўнічую і авіяцыйную прамысловасьць. Мы да 2020 года зьбіраемся ўкласьці ў пераўзбраеньне расійскіх узброеных сіл 500 мільярдаў эўра толькі на закупкі, а на тэхнічнае перааснашчэньне прадпрыемстваў — 100 мільярдаў даляраў », - сказаў Рагозін.