Лаўроў ня верыць доказам ЗША і Францыі

Сяргей Лаўроў

Доказы ўжываньня рэжымам Асада хімічнай зброі, не пераканалі Маскву, заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў.
У сваім выступе сёньня перад студэнтамі Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносін Лаўроў заявіў, што доказы, пададзеныя ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй, пакідаюць сур'ёзныя сумневы.

31 жніўня прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў, што ён перакананы ў выкарыстаньні рэжымам Асада хімічнай зброі для забойства больш за 1400 чалавек у прыгарадзе Дамаска 21 жніўня. У той жа дзень прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін заклікаў Вашынгтон падаць доказы гэтага ў ААН.

Прэм'ер-міністар Турэччыны Рэджэп Эрдаган выказаўся за паўнамаштабную вайсковую апэрацыю ў Сырыі:

– Хацеў бы падкрэсьліць, што часовыя меры ў Сырыі будуць недастатковымі, – сказаў Эрдаган. – Абмежаваная задача на зьнішчэньне некаторых аб'ектаў без дасягненьня канчатковай мэты толькі пагоршыць становішча ў краіне.

Ліга Арабскіх дзяржаў падтрымала міжнародныя намаганьні, накіраваныя супраць сырыйскіх уладаў, якія лічацца адказнымі за хімічную атаку 21 жніўня, ахвярамі якой сталі больш за 1400 жыхароў прадмесьцяў Дамаску.