«Расейская база ў Беларусі падвышае напружанасьць у рэгіёне»

Уладзімер Мацкевіч

На нарадзе па пытаньнях будаўніцтва і разьвіцьця Ўзброеных сіл Беларусі 20 жніўня Аляксандар Лукашэнка даручыў прыступіць да практычнай рэалізацыі дамоўленасьцяў з Расеяй у галіне авіяцыі і супрацьпаветранай абароны. Па сутнасьці, гаворка ідзе пра стварэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай авіябазы. Як мяняе гэты факт адносіны афіцыйнага Менску і Масквы і геапалітычнае становішча Беларусі? Чаму беларуская апазыцыя ня здолела арганізаваць шырокую кампанію супраць расейскай базы? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

— Сёньня ўжо стала канчаткова зразумела, што расейкай ваеннай базе ў Беларусі быць. Аляксандар Лукашэнка даў канкрэтныя даручэньні дзяржаўным органам. Ці мяняе гэты факт сытуацыю ў беларуска-расейскіх дачыненьнях і ўвогуле геапалітычнае становішча Беларусі?

— Паколькі ўся абарончая сыстэма ў «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі агульная — то пабудова той ці іншай базы ўзгадняецца агульным вайсковым камандаваньнем. Зь іншага боку, павінна выконвацца міждзяржаўная палітыка, таму гэта ўзгадняецца на ўзроўні палітычнага кіраўніцтва.

Але ж Расея са сваімі імпэрскімі памкненьнямі не таргуецца зь Беларусьсю, а патрабуе ад яе пэўных ваенных саступак.

Што тычыцца аспэкту беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў, то Беларусь сваёй непрадказальнасьцю ў якасьці дыктатарскай дзяржавы ўяўляе сабой пэўную небясьпеку для суседзяў. Таму Беларусь пагаджаецца на разьмяшчэньне расейскай базы на сваёй тэрыторыі, тым самым дадаткова ціснучы на Эўропу і яшчэ больш падвышаючы міжнародную напружанасьць у нашым рэгіёне. Гэта, вядома, не на карысьць беларускаму грамадзтву і нацыі, і толькі агульная слабасьць і млявасьць беларускай апазыцыі не дазволіла наладзіць пратэсты супраць гэтых дзеяньняў.

— БНФ некалькі месяцаў таму якраз заяўляў пра кампанію супраць расейскай базы. Але, як выглядае, нейкіх вялікіх акцыяў не было праведзена. Ці магла гэтая тэма стаць аб’яднальнай для беларускай нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі і чаму ня стала?

— Павінна была б стаць. Але, ведаючы стан беларускага грамадзтва, я разумею, наколькі цяжка арганізоўваць такія акцыі. Бачыце, нават будаўніцтва АЭС у чарнобыльскай краіне нібыта павінна было б стаць чыньнікам для актывізацыі грамадзкай актыўнасьці — але ня стала.

На жаль, сапраўды млявасьць грамадзкай думкі, неўплывовасьць лідэраў меркаваньняў не дазваляе наладзіць вялікую грамадзкую актыўнасьць супраць такіх дзеяньняў, якія, па сутнасьці, парушаюць канстытуцыйны нэўтралітэт беларускай дзяржавы.