Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі і польскі эўрадэпутат Марэк Мігальскі абмяняліся рэзкімі рэплікамі ў твітэры наконт таго, як Польшча дапамагае беларускім апазыцыянэрам.
Радаслаў Сікорскі
Мігальскі напісаў, што з-за некампэтэнтнасьці чыноўнікаў МЗС Польшчы беларускія апазыцыянэры патрапілі пад рэпрэсіі. У гэтай сувязі ён узгадаў
інцыдэнт з 2011 году, калі Міністэрства замежных справаў Польшчы паслала ў Беларусь лісты з інфармацыяй пра фінансавыя сродкі, выплачаныя каля 30 беларускім апазыцыянэрам. Справа датычыла падатковых дэклярацый (гэтак званых PIT-аў), якія ў Польшчы патрабуюцца фінансавымі органамі пры разьліку гадавых даходаў як прыватных асобаў, так і суб’ектаў эканамічнай дзейнасьці.
Сікорскі адказаў у Твітэры, што Мігальскі хлусіць і што з-за гэтых падатковых дэклярацый ніхто зь беларускіх апазыцыянэраў не пацярпеў.
Мігальскі запатрабаваў ад Сікорскага апублікаваць выбачэньне ў Твітэры за закід хлусьні. Калі Сікорскі ня выбачыцца да 14 жніўня, Мігальскі пагражае падаць на яго ў суд за паклёп.