ЗША: пратэсты супраць апраўдальнага выраку для забойцы чарнаскурага падлетка

Your browser doesn’t support HTML5

Тысячы людзей выйшлі ў суботу ў розных месцах ЗША на акцыі пратэсту супраць апраўданьня чалавека, які застрэліў падлетка-афраамэрыканца. Сярод іншага, такія акцыі прайшлі ў Нью-Ёрку, Атлянце, Маямі, Чыкага ці Лос-Анджэлесе.
У Нью-Ёрку на дэманстрацыю выйшла і поп-зорка Бэйонс з мужам, рэпэрам Jay-Z.

Пратэсты ў ЗША працягваюцца ўжо тыдзень пасьля вынясеньня вэрдыкту журы прысяжных, якое прызнала невінаватым чалавека, які застрэліў няўзброенага афраамэрыканскага хлопца. Прысяжныя зьнялі абвінавачаньне ў ненаўмысным забойстве з Джорджа Цымэрмана, які ў лютым мінулага года стрэлам сьмяротна параніў 17-гадовага Трэйвана Марціна ў штаце Флёрыда.

Паводле Цымэрмана, падчас начной сутычкі ён страляў для самаабароны. Многія афраамэрыканцы лічаць, што Марціна застрэлілі па расавых меркаваньнях, і такія ж меркаваньні стаяць і за апраўданьнем забойцы. Марцін быў афраамэрыканцам; Цымэрман лічыць сябе асобай лацінаамэрыканскага паходжаньня, гэта значыць, таксама ня «белым».

Гэта справа прыцягнула ўвагу ня толькі да праблемаў расізму ў ЗША, але і да праблемы права на выкарыстаньне зброі.