На «Славянскім базары» прадаюцца «хакеіст» і «дзюдаіст» (фотагалерэя)

Колькі каштуюць выявы, выкананыя ў тэхніцы выпальваньня па дрэве, аўтар ня кажа: гаворыць, што «кошт па дамоўленасьці». Большасьць мінакоў хіба што фатаграфуе выявы, але ніхто не прыцэньваецца.

Летась Ігар Каперскі ўжо прывозіў у фэстывальны Віцебск выяву Уладзіміра Пуціна, які сядзіць на кукішках, апрануты ў кімано, — і тады яна каштавала 500 даляраў. Сярод сувэніраў, выстаўленых на продаж, ёсьць і тыя, што, на думку аўтараў, мусяць увасабляць нацыянальны калярыт. Прыкладам, пано, выкананыя ў камбінаванай тэхніцы, дзе фігуруе бульба. Несапраўдная, выразаная з дрэва, але відавочна — у «галоўнай ролі».

Так, ёсьць пано, дзе з бульбін зроблены шашлык, і дзе тры бульбіны на пагнутай алюмініевай талерцы «стаяць» на скамечанай газэце «Беларусы і рынак»

Тэма ежы зьяўляецца самай актуальнай і ў аздабленьні «падворкаў» — гандлёвых кропак, якія прадстаўляюць усе раёны вобласьці. Глыбоцкі раён, прыкладам, заваблівае наведнікаў мяснымі паўфабрыкатамі. І «Вішнёвым фэстам» — імпрэзай, якая праз тыдзень распачнецца ў райцэнтры і будзе працягваццы ці не даўжэй за сёлетні «Славянскі базар» — 7 дзён. З Глыбоччыны ў Віцебск прывезьлі на продаж рэчы зь «вішнёвай» сымболікай —сувэніры і адзеньне.


А таксама знакамітую «згушчонку»: бляшанкі ў сетцы —"авосьцы", вядомай яшчэ з савецкіх часоў, трымае ў дзюбе бусел, які сядзіць на памежным слупе з указальнікамі «Афрыка», «Эўропа» і «Амэрыка», рыхтуючыся, па ўсім, напаіць згушчоным малаком ўвесь сьвет...

Уласна пра напоі на «Славянскім базары» таксама не забываюцца: амаль на кожным «падворку» можна з ранку да вечара выпіць піва, вулічныя харчовыя кропкі гандлююць і мацнейшымі напоямі. Каля пляцоўкі для выступаў самадзейных артыстаў, што на вуліцы Пушкіна, быў заўважаны і вялікі бідон з надпісам «Самагон».

Віцебскі паэт і перакладчык Уладзімер Папковіч напісаў на сваёй старонцы ў сетцы «Фэйсбук» такія радкі: "Славянскі базар" зноў пачаўся учора. Усё па-славянску там: выпіўкі — мора! А часам падпітыя госьці фэстывалю гатовыя сьпяваць і таньчыць проста на вуліцы, палохаючы мінакоў, але не выклікаючы аніякай прафэсійнай занепакоенасьці ў міліцыянтаў"