Не наведваеш бацькоў? У турму!

У Кітаі ўступіў у сілу закон, які абавязвае наведваць старых бацькоў.
Бацькі, старэйшыя за 60 гадоў, якіх не наведваюць дзеці, будуць мець права падаць у суд. У законе, аднак, не прапісана, наколькі частымі павінны быць наведваньні і якія пакараньні чакаюць парушальнікаў.

На першым судовым паседжаньні пасьля ўступленьня закону ў сілу, суд гораду Вусі на усходзе Кітаю загадаў сямейнай пары прынамсі раз на два месяцы наведваць 77-гадовую маці жонкі, якая жыве ад іх за 40 кілямэтраў, пад пагрозай штрафу ці нават турэмнага зьняволеньня.

Адзін з распрацоўшчыкаў законапраекту, Сяо Цьзіньмінь, выкладчык права ва ўнівэрсытэце Шандонгу, кажа, што новы закон у асноўным скіраваны на тое, каб прыцягнуць увагу да праблемы. «Перш за ўсё ён павінен падкрэсьліць права старых людзей на эмацыйную падтрымку...» — сказаў ён

Прагназуецца, што да 2053 году колькасьць кітайцаў, старэйшых за 60 гадоў, вырасьце зь цяперашніх 185 мільёнаў да 487 мільёнаў (да 35 працэнтаў ад агульнага прагназаванага насельніцтва Кітаю).