Год безь Сяргея Вітушкі

Сяржук Вітушка

2 ліпеня а 12.00 адбудзецца паніхіда з нагоды гадавіны сьмерці Сержука Вітушкі, беларускага адраджэнца, лідэра легендарнай менскай «Талакі».
Пра Сержука Вітушку ўзгадваюць сябры і паплечнікі.

Палітык Віктар Івашкевіч, адзін з заснавальнікаў «Талакі»:

Віктар Івашкевіч

«Сяржук Вітушка быў ідэальна чысты чалавек. Ягонае непасрэднае дачыненьне да „Талакі“ надавала ўсёй справе надзвычайную высакароднасьць. Ён не даваў скаціцца ў нейкія палітычныя інтрыгі. У гэтым сэнсе Сяржук для талакоўцаў быў меркаю маральнасьці».

Генік Лойка

Мастак Генік Лойка — сябра Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні:

«Напрыканцы існаваньня Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні студэнты тэатральна-мастацкага інстытуту ладзілі сустрэчу з прадстаўнікамі таварыства аховы помнікаў і з рэстаўратарамі з нагоды пажару ў Мірскім замку. Памятаю, як у залю зайшоў малады рабочы „Інтэгралу“ — сьветлы ружовашчокі юнак, падобны да анёлка. Падчас свайго выступу ён падаўся мне вельмі добрасумленным чалавекам, які глыбока перажываў за тое, пра што гаворыць. Гэта быў Сяржук Вітушка. Тады я зь ім і пазнаёміўся. Калі ўтварылася „Талака“, то Сяржук быў падобны да рыцара, які шмат працы ўзваліў на свае плечы, каб разгарнуць рух па ўсёй Беларусі».

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі, гісторык, мастацтвазнаўца:

«Калі сёньня гаварыць пра тое, хто стаяў ля вытокаў беларускай незалежнасьці, то адным зь першых варта назваць менавіта Сержука Вітушку. І гэта не перабольшваньне, таму што ў апошнія савецкія гады ён акумуляваў вакол сябе энэргію моладзі. Ён меў добрую харызму, да яго цягнуліся ў літаральным сэнсе сотні маладых людзей. І менавіта дзякуючы яго рупнасьці і энэргіі былі адноўленыя многія фэсты і сьвяты, праводзіліся розныя сустрэчы, ініцыятывы, круглыя сталы, экалягічныя паходы на Палесьсе і на Дзьвіну, ладзіліся талокі на Верхнім горадзе, акцыі пратэсту супраць зьнішчэньня помнікаў даўніны. Мала хто згадае, але сквэр каля Купалаўскага тэатру быў уратаваны ў тым ліку і дзякуючы ягонай ініцыятыўнасьці. Калі казаць пра сёньня, то мне люта бракуе гэткіх чыстых людзей, для якіх беларушчына — ня спосаб самарэалізацыі ці спосаб зарабіць грошы, але проста справа жыцьця, якой ён служыў самааддана і шчыра. Няхай сёньня нехта называе гэта рамантыкай, ідэалізмам, але сёньня, калі вакол пануе мэркантылізм, мне вельмі не хапае такога сьветлага чалавека, як Сяргей Вітушка».