У Магілёве фэстываль духоўнай музыкі завяршыўся гімнам «Магутны Божа»

На заключным гала-канцэрце фэстывалю «Магутны Божа»

У Магілёве завяршыўся міжнародны фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». На заключным гала-канцэрце прагучаў гімн паэткі Натальлі Арсеньневай і кампазытара Мікалая Равенскага «Магутны Божа». Гэты твор даў назву фэстывалю. Яго выконвалі хор і аркестар пад кіраўніцтвам расейскага дырыжора, прафэсара Станіслава Калініна.

Багата тых, хто прыйшоў на канцэрт, слухалі гімн стоячы. Стоячы яго слухалі і госьці фэстывалю. На канцэрце прысутнічалі часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч, каталіцкі арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, галоўны пастар эвагелісцка-лютаранцкай царквы Іван Масюра ды эпіскап магілёўска-мсьціслаўскі ўладыка Сафроній.

Гала-канцэрт фэстывалю вёўся па расейску. На расейскай мове выступаў і старшыня гарвыканкаму Ўладзімер Цумараў. Па беларуску казалі намесьнік міністра культуры Васіль Чэрнік ды прадстаўнік апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека.

Багата тых, хто прыйшоў на канцэрт, слухалі гімн «Магутны Божа» стоячы.


Сёлета фэстывалю «Магутны Божа» дваццаць гадоў. У ім удзельнічалі музыкі і музычныя калектывы зь пятнаццаці краінаў сьвету. Традыцыйна ў катэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця найсьвяцейшай панны Марыі праводзіўся конкурс хароў. Сёлета журы пад старшынствам Станіслава Калініна вырашала не прысуджаць гран-пры. Ганаровымі дыплёмамі ўзнагародзілі музычныя калектывы зь Беларусі, Нямеччыны ды Расеі.

Акрамя конкурсу хароў штовечар цягам пяці фэстывальных дзён на пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма» адбываліся канцэрты хрысьціянскай музыкі, а таксама іншыя мерапрыемствы. Рэкляма фэстывалю і ягонае суправаджэньне было расейскамоўным.

Прамаўляе Ўладзімер Цумараў, старшыня Магілёўскага гарвыканкаму


Сёлета не было, як раней, урачыстых адкрыцьця і закрыцьця фэстывалю. На іх традыцыйна выконвалі гімн «Магутны Божа». На першым канцэрце сёлетняга фэстывалю «Магутны Божа» не гучаў. Наступны фэстываль адбудзецца праз год — у 2015-м.

Упершыню фэстываль прайшоў у чэрвені 1993 году. Ініцыятарам яго правядзеньня выступіла рыма-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця найсьвяцейшай панны Марыі й тагачасны магілёўскі ксёндз Уладзіслаў Блін.