Эўразьвяз пачне перамовы аб далучэньні Сэрбіі

Прэм'ер Сэрбіі Івіца Дачыч

Прэзыдэнт Эўразьвязу Герман Ван Рампэй сёньня паведаміў, што лідэры эўрапейскіх краінаў на сваім саміце ў Брусэлі вырашылі пачаць перамовы з Сэрбіяй аб сяброўстве гэтай краіны ў Эўразьвязе.
«Гэта гістарычны момант для Балканаў і для ўсёй Эўропы. Мы ня толькі вітаем Харватыю як новага сябра Эўразьвязу, мы таксама пагадзіліся пачаць перамовы з Сэрбіяй аб яе далучэньні і мы зрабілі ключавы крок у нашых адносінах з Косавам. Два апошнія рашэньні зьяўляюцца наўпроставым вынікам сьмелага пагадненьня, дасягнутага паміж Бялградам і Прышцінай у красавіку» — сказаў Ван Рампэй.

Ван Рампэй меў на ўвазе сэрбска-косаўскую дамову, паводле якой сэрбы ў Косаве атрымалі абмежаваную аўтаномію пры захаваньні кантролю над органамі правапарадку і судовай уладай у руках косаўскіх альбанцаў.

Ва ўзнагароду Косаву Брусэль заявіў аб запачаткаваньні перамоваў наконт дамовы аб стабілізацыі і асацыяцыі, якая зьяўляецца першым крокам краіны на доўгім шляху да сяброўства ў Эўразьвязе.