Мандэла застаецца ў крытычным стане

Ляўрэат Нобелеўскай прэміі міру Нэльсан Мандэла знаходзіцца ў крытычным стане ў шпіталі. Прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі Джейкаб Зума адмяніў візыт ў Мазамбік праз сур’ёзнасьць сытуацыі.
Зума наведаў 94-гадовага Мандэлу ў шпіталі ноччу на 26 чэрвеня.

Былы прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Нэльсан Мандэла ад 8 чэрвеня знаходзіцца ў шпіталі ў Прэторыі, дзе лекуеццав ад інфэкцыі лёгкіх.

У красавіку былога прэзыдэнта ПАР неадкладна шпіталізавалі з-за запаленьня лёгкіх, але празь дзесяць дзён адпусьцілі дадому. Тады паведамлялася, што лекарам атрымалася дамагчыся «устойлівага паляпшэньня стану здароўя» 94-гадовага былога прэзыдэнта.

Ад сьнежня 2012 Мандэла ўжо чатыры разы трапляў у шпіталь.

Мандэла сусьветна вядомы як змагар з апартэідам. З-за сваёй дзейнасьці ён правёў за кратамі каля 27 гадоў, а ў 1993 годзе быў уганараваны Нобэлеўскай прэміяй міру.

У 1994 годзе Мандэла стаў першым чарнаскурым прэзыдэнтам ПАР.

Пасаду кіраўніка дзяржавы ён займаў да 1999 году.

18 ліпеня яму павінна споўніцца 95 гадоў.