У Магілёве затрымалі судзьдзю

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі на працоўным месцы судзьдзю суду Кастрычніцкага раёну Магілёва Магамеда Ўмарава.
Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

З кайданкамі на руках Магамеда Ўмарава вывелі з будынку суду.

Ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Магілёўскай вобласьці карэспандэнту Свабоды не далі ніякіх зьвестак адносна гэтай інфармацыі. Паведамілі толькі, што справы адносна судзьдзі няма ў вытворчасьці.

Магамед Умараў спэцыялізаваўся на крымінальных справах, а таксама займаў пасаду намесьніка старшыні суду Кастрычніцкага раёну Магілёва. У раённым судзе ён працаваў ад пачатку 90-х гадоў.

Магілёўскія праваабаронцы не выключаюць, што прычынай затрыманьня можа быць атрыманьне хабару. Раней такая інфармацыя ад грамадзян ужо паступала праваабаронцам.