Рапота ўсё яшчэ хоча Канстытуцыйнага акту

Рыгор Рапота

Выступаючы ў Менску на Ўсясьветным кангрэсе рускай прэсы, Рыгор Рапота зазначыў, што праект саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі нельга лічыць завершаным:

«Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі — гэта праект незавершаны. Ён будзе завершаны, калі будзе прыняты Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы».

Разам з тым Рапота праінфармаваў, што цяпер гэты дакумэнт знаходзіцца на стадыі разьвіцьця.

Распрацоўка Канстытуцыйнага акту ідзе з 2001 году. Рашэньнем вышэйшай дзяржаўнай рады створана рабочая група па яго падрыхтоўцы. Аднак да ўнясеньня праекту на зацьвярджэньне справа не дайшла.

У красавіку гэтага году Рапота заявіў, што для ўхваленьня Канстытуцыйнага акту трэба выканаць шэраг перадумоваў:

«У дамове аб стварэньні саюзнай дзяржавы напісана, што толькі пасьля таго, калі будуць створаныя ўсе неабходныя перадумовы, у тым ліку адзіная эканамічная прастора, адзіная сацыяльная прастора і гэтак далей, пасьля гэтага можна ставіць пытаньне аб падпісаньні Канстытуцыйнага акту».

Паводле Рапоты, пры гэтым дзьвюм дзяржавам трэба будзе адмовіцца ад часткі свайго сувэрэнітэту і сфармаваць наднацыянальны орган:

«Ці гатовыя дзьве сувэрэнныя дзяржавы пачаць без папярэдняй падрыхтоўкі, без разуменьня наступстваў гэтага кроку — узяць і адмовіцца ад часткі свайго сувэрэнітэту? Таму што як бы ні захоўваліся сувэрэнныя правы абедзьвюх краін, тым ня менш усё роўна павінны быць нейкія наднацыянальныя функцыі».