Гандаль унутры Мытнага саюзу ўпаў на 10 працэнтаў

Рэчаіснасьць перакрэсьлівае аптымістычныя заявы ініцыятараў стварэньня Мытнага саюзу аб новых рынках збыту для беларускіх тавараў.
Затаваранасьць складоў прадпрыемстваў Беларусі знайшла сваё адлюстраваньне і ў статыстыцы гандлю паміж сябрамі Мытнага саюзу — Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам.

За 4 месяцы зьнешні гандаль Мытнага саюзу зьнізіўся на 1,3%, узаемны гандаль упаў на 10%, паведамляе агенцтва Finmarket.

У студзені-красавіку 2013 году аб’ём зьнешняга гандлю таварамі дзяржаў-сябраў Мытнага саюзу з трэцімі краінамі склаў 297,1 мільярда даляраў. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2012 году аб’ём зьнешняга гандлю паменшыўся на 1,3%, або на 4 мільярды даляраў, гаворыцца ў матэрыялах Эўразійскай эканамічнай камісіі.

У Беларусі за гэты час экспарт ўпаў на 35%, да 7,3 мільярда даляраў, імпарт вырас на 22,1%, да 6,2 мільярда даляраў.

Аб’ёмы ўзаемнага гандлю дзяржаў-сябраў Мытнага саюзу ў студзені-красавіку 2013 склалі 20,4 млрд даляраў. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2012 году аб’ём узаемнага гандлю паменшыўся на 10%.

Паміж Расеяй і Беларусьсю ўзаемны гандаль паменшыўся на 15,5% і склаў 12,9 мільярда даляраў, паміж Беларусьсю і Казахстанам — абвал склаў 12,2%.