Выбары ў Іране: кансэрватары супраць кансэрватараў

Аятала Алі Хамэнэі выступае на цырымоніі ў 24-ю гадавіну сьмерці заснавальніка ісламскай рэспублікі аяталы Хамэйні ў ягоным маўзалеі ў Тэгеране.

Тэарэтычна выставіць сваю кандыдатуру на выбарах можа любы чалавек, але Рада вартавых ісламскай рэвалюцыі ўхваліла толькі восем з амаль сямісот прэтэндэнтаў.

Расейская экспэртка па ісламскіх краінах Алена Супоніна тлумачыць:

«Сярод усіх зацьверджаных кандыдатаў ёсьць толькі адзін чалавек, які лічыцца рэфармістам, гэта Мухамад Рэза Арэф. Ён займаў высокія пасады ў Іране за часам прэзыдэнта Хатамі, якога лічаць рэфарматарам. Але ён ня мае сур'ёзных шанцаў на перамогу. Асноўны кандыдат-рэфарматар, Алі Акбар Хашэмі Рафсанджані, быў зьняты з гонкі Радай вартавых, у якую ўваходзяць юрысты і релігійныя дзеячы».

Аглядальнік амэрыканскага часопісу Commentary Майкл Рубін кажа, што прэзыдэнт у Іране – фігура шмат у чым цырыманіяльная, і таму ядзерныя распрацоўкі і падтрымка тэрарызма працягваліся ў часе прэзыдэнцтва і прагматыка Рафсанджані, і рэфарматара Хатамі, і нацыяналіста Ахмадзінэжада. Сапраўдным кіраўніком Ірану застаецца рэлігійны лідэр аятала Алі Хамэнэі.

Інстытут выбараў прэзыдэнта меў вялікае значэньне ў ідэалягічнай вайне, якую Іран вядзе супраць сваіх праціўнікаў у ісламскім сьвеце, і гэтую вайну ён цяпер прайграе, лічыць экспэрт амэрыканскага Цэнтру міжнародных і стратэгічных дасьледаваньняў Эдвард Лутвак:

«Мы – адзіная краіна ісламскага сьвету, якая праводзіць чэсныя прэзыдэнцкія выбары, заяўляе Іран. І ў 2005 годзе гэта было сапраўды так: сур'ёзны двубой рэальных супернікаў, Ахмадзінэжада і Рафсанджані. Выбары 2009 году таксама задумваліся як чэсныя, але калі стала ясна, што Мусаві перамагае, духавенства ня вытрымала і пайшло на відавочны падлог. Гэтым разам аяталы не забясьпечылі нават выгляду сапраўднага выбару, прызнаўшы тым самым поўнае ідэйнае фіяска. Цяпер іранскі рэжым ёсьць нічым не прыкрытая дыктатура».