Ужо сёньня, 12 чэрвеня: прэзэнтацыя кнігі Віктара Марціновіча; дзень памяці Антона Адамовіча

Віктар Марціновіч прэзэнтуе свой новы раман

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск – у інстытуце Гётэ (вуліца Веры Харужай, 25-3) прэзэнтацыя кнігі Віктара Марціновіча «Сфагнум». Пачатак а 19-ай.

У кнігарні «Логвінаў» (Незалежнасьці, 37 а) Давід Шульман (Ізраіль), колішні барысавец і цяперашні эйлатавец, прэзэнтуе кнігі прозы, у тым ліку і «Дзе ўзяць крыху шчасьця?». У імпрэзе, акрамя аўтара, возьмуць удзел Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч. Пачатак а 19-ай.

У Нацыянальным мастацкім музэі адкрыцьцё выставы расейскага мастака Аляксандра Шылава. Пачатак а 17-ай.

Братыслава – пачатак Цэнтральна- і Ўсходнеэўрапейскага саміту.

Усясьветны дзень ААН супраць дзіцячай працы.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1867 – утвораная Аўстра-Вугорская імпэрыя

1895 – нарадзіўся Леапольд Родзевіч, беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзяяч. Аўтар п’есаў: «Пакрыўджаныя», «Блуднікі», «Зьбянтэжаны Саўка» і іншых. Рэпрэсаваны, расстраляны ў 1938.

1812 – напалеонаўскія войскі перайшлі Нёман, пачынаючы вайну з Расеяй.

1911 – нарадзіўся Мікола Панькоў (Дзьвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія), журналіст, бібліяфіл, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

1990 – прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР.

1991 – Барыс Ельцын абраны прэзыдэнтам Расеі.

1997 – памёр Булат Акуджава, расейскі бард, паэт, пісьменьнік.

1998 – памёр Антон Адамовіч, беларускі літаратуразнаўца, гісторык, празаік. Быў намесьнікам старшыня Рады БНР, доўгі час працаваў на Радыё Свабода. Творчая спадчына Антона Адамовіча – каля 250 працаў, у тым ліку на ангельскай, нямецкай і расейскай мовах. Пачынальнік беларускай прозы пра другую сусьветную вайну (раман «Каханы горад»).

1999 – увод сухапутных войскаў НАТА на тэрыторыю Сэрбіі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Працуй, Беларусь,
На хвалу для людзей;
Кажы, Беларусь,
Сваю праўду сьмялей;
Удар, Беларусь,
Ў вечавы гулкі звон.
Узары, Беларусь,
Свой забыты загон.
Гэй, скінь, Беларусь,
Ярмо цьмы прошлых лет!
Жыві, Беларусь,
Каб жылі воля, сьвет!


Леапольд Родзевіч