У Вільні адбылася сустрэча прадстаўнікоў апазыцыі з удзелам Саньнікава

Вільня

У Вільні 10 чэрвеня адбылася сустрэча прадстаўнікоў АГП, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ, аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». У ёй таксама ўзяў удзел экс-кандыдат у прэзыдэнты, лідэр «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў.

Прадстаўнікоў кампаніі «Гавары праўду» і руху «За свабоду» на гэтай сустрэчы не было, паведаміў карэспандэнту Свабоды намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў.

«Гэта была адна з нашых рэгулярных сустрэчаў. Яна была прысьвечана агульнай сытуацыі ў краіне і нашаму бачаньню агульнай дзейнасьці апазыцыйных сіл, магчымасьці сумеснай дзейнасьці. Было шмат увагі аддадзена таму, якім чынам дэмсілы Беларусі будуць браць удзел у палітычнай кампаніі „Выбары ў мясцовыя Саветы“. Гэта рабочая сустрэча для зьверкі пазыцыі, падыходаў, ацэнак. Нічога звышнатуральнага там не было і ў прынцыпе не магло быць. Ніякіх рашэньняў ці заяваў прымаць і не плянавалася».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ня стаў раскрываць мэты гэтай сустрэчы ў Вільні.

Анатоль Лябедзька

«Пра сустрэчу ніхто ніякіх камэнтароў не дае. Я кажу, што сустракаўся з Саньнікавым, а ўсё астатняе — без камэнтароў. Такая дамова: не камэнтуем. Там няма чаго камэнтаваць. Няма прадмету».

Анатоль Лябедзька апавёў пра сустрэчу з Андрэем Саньнікавым:

«Даўно ня бачыліся, апошні раз — на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Абмяняліся думкамі пра сытуацыю, пра пэрспэктывы ўзаемадзеяньня, супрацоўніцтва. Ёсьць некаторыя пункты, па якіх мы можам супрацоўнічаць. Я кажу пра АГП і „Эўрапейскую Беларусь“. Ёсьць ацэнкі, якія супадаюць альбо вельмі блізкія. Рэжым двухбаковых кансультацыяў ідзе і з астатнімі палітычнымі структурамі. Мы знаходзім з кожнай структурай асобныя файлы, па якіх мы можам весьці размову і супрацоўнічаць. І „Эўрапейская Беларусь“ таксама».

Карэспандэнт: «Чаму сустрэча апазыцыі адбылася ў Вільні?»

Лябедзька: «Гэта падкрэсьлівае, што не зусім меў рацыю спадар Палецкіс, калі казаў, што сытуацыя ў Беларусі паляпшаецца. На сёньняшні дзень шэраг мерапрыемстваў, нават нашых партыйных, мы вымушаны вынесьці за межы Беларусі. Не таму, што хочам гэтага, а таму, што вымушаны гэта рабіць. Мы ня можам гэта арганізаваць і правесьці ў Беларусі».

Віталь Рымашэўскі

Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі паведаміў, што прадстаўнікі палітычных сілаў абмяркоўвалі ў Вільні магчымы фармат супрацы падчас найбліжэйшых палітычных кампаній:

«Мы падтрымліваем стасункі і маем намер сустракацца з усімі. Я б не называў ні Саньнікава, ні Міхалевіча, ні Пазьняка палітычнымі эмігрантамі. Гэта ёсьць палітыкі, якіх Лукашэнка сёньня вымусіў выехаць за мяжу. Тым ня менш „Эўрапейская Беларусь“ існуе і досыць шмат актывістаў працуе ў Беларусі. І гэта тыя палітычныя сілы, зь якімі мы будзем лічыцца, будзем навязваць партнэрскія стасункі. Гэтак жа і з гэтымі палітыкамі. Мы да іх ставімся гэткім жа самым чынам, як і да палітыкаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Таму ўчора адбылася плённая сустрэча і размова. І я спадзяюся, што гэта пачатак супрацы і, можа, новых магчымасьцяў для супольных дзеяньняў».

Карэспандэнт: «Але ж і Пазьняк зьяўляецца старшынёй КХП БНФ, якая дзейнічае ў Беларусі»?

Рымашэўскі: «Безумоўна, мы імкнёмся супрацоўнічаць зь імі таксама. Мы зробім усё магчымае, каб таксама былі сустрэчы прадстаўнікоў БХД і зь Зянонам Пазьняком і таксама будзем супрацоўнічаць з гэтай партыяй у Беларусі».

Карэспандэнт: «А хто быў арганізатарам гэтай сустрэчы ў Вільні?»

Рымашэўскі: «Гэта было супольнае памкненьне тых, хто сустракаўся. Можаце лічыць, што гэта была шматбаковая ініцыятыва, я не магу сказаць, што ініцыятарам быў нехта адзін. Гэта супольныя крокі насустрач».

Карэспандэнт: «То бок на наступныя сустрэчы могуць запрашацца і Міхалевіч, і Пазьняк…»

Рымашэўскі: «На наступныя. Я яшчэ раз паўтаруся, гэта мы бачым толькі як першы крок. Цяпер у Беларусі час бараніць усе незалежныя арганізацыі, інакш Лукашэнка вынішчыць нас па адным. Мы павінны быць едныя сёньня і кансалідавацца ў супольным змаганьні па абароне дэмакратыі ў Беларусі. За свабодныя сумленныя выбары ў Беларусі. Таму мы мусім дамагчыся, каб гэты рэжым сышоў. У Беларусі цяпер ня час для разьяднаньняў, а час для супольных дзеяньняў і яднаньня. Гэтую сустрэчу мы разглядаем як першы крок, і я спадзяюся, безумоўна, што наступныя будуць з большай колькасьцю ўдзельнікаў».

Віталь Рымашэўскі ня стаў адказваць на пытаньне, чаму ў гэтай сустрэчы ў Вільні не бралі ўдзелу прадстаўнікі Руху «За свабоду» і кампаніі «Гавары праўду». Адносна фармату ён сказаў:
Размова ідзе пра стварэньне пляцоўкі для перамоваў і выпрацоўкі супольнай пазыцыі

«Мы спадзяемся, што гэта будзе пастаянны фармат супрацы, дакладней, пастаянная пляцоўка для сустрэчаў. А праца рэальна будзе весьціся ў Беларусі і па-за яе межамі. І кола ўдзельнікаў будзе толькі пашырацца. Я б ня стаў цяпер апэляваць такімі катэгорыямі як асноўная канфігурацыя. Хутчэй за ўсё, размова ідзе пра стварэньне пляцоўкі для перамоваў і выпрацоўкі супольнай пазыцыі, якая адкрыта для ўсіх. І сёньня гэты фармат вызначаецца. Таму мы ня кажам пра тое, што ўжо ёсьць гэтая пляцоўка і мы запрашаем іншых далучыцца. Не. Гэта ня так. Мы запрашаем, і кожны павінен мець свой унёсак у выпрацоўцы ў тым ліку і фармату сустрэчаў і прапаноў па супольных дзеяньнях. Гэта ня ёсьць сустрэчы з ужо вызначаным колам удзельнікаў. Гэта ёсьць першы крок для перамоў і яднаньня дэмсілаў, для выпрацоўкі супольнай стратэгіі. Іншыя палітычныя сілы будуць браць удзел, і перамовы зь імі вядуцца».

Карэспандэнт: «То бок на гэтай сустрэчы не было прынята нейкіх рашэньняў?»

Рымашэўскі: «Я не магу афішаваць нейкія рашэньні. Мы папярэдне абмяркоўвалі магчымыя формы супрацы. Канчатковых рашэньняў няма, але ёсьць прадэкляраванае жаданьне, намер аб супольнай супрацы».