Kamunikat.org у Гомелі: «Беларуская літаратура запатрабаваная»

6 чэрвеня ў Гомелі прэзэнтавана Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org

6 чэрвеня ў Гомелі прэзэнтавалі беларускую інтэрнэт-бібліятэку Kamunikat.org.
Kamunikat.org створаны зь ініцыятывы беларускага дзеяча, гісторыка й журналіста Яраслава Іванюка амаль 15 год таму ў польскім Бельску-Падляскім.

Іванюк: «На наш сайт штодня заходзяць ад паўтары да 3 тысяч чытачоў Бывае, і да 5 тысячаў. Гэта чытачы зь Беларусі. І гэта натхняе, бо мы бачым, наш сайт патрэбны, што беларуская літаратура запатрабавана, што людзі чытаюць беларускую літаратуру».

У інтэрнэт-бібліятэцы сабрана звыш 12 тысячаў твораў беларускіх аўтараў, аўдыёкнігаў, радыёперадачаў, музыкі, відэа, публікацыяў з пэрыёдыкі пра беларусаў і Беларусь. На сайце апублікаваныя кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Зроблена гэта творчым калектывам, які налічвае каля дзесяці чалавек.

Выступае Віктар Шалкевіч



Прысутны на прэзэнтацыі доктар філялёгіі, прафэсар Гомельскага ўнівэрсытэту Іван Штэйнер параўнаў працу інтэрнэт-бібліятэкі з працай беларускага першадрукара Францішка Скарыны:

«Хочацца схіліць галаву на знак велізарнай пашаны: вы столькі зрабілі і ў пэрспэктыве столькі людзей абудзілі! Дзякуй, што вы ёсьць, што робіце такую высакародную справу. Яна будзе параўноўвацца, я не пабаюся гэтага слова, з тым подзьвігам, які па сутнасьці некалі зьдзейсьніў Скарына і перашадрукары».

Яраслаў Іванюк на прэзэнтацыі



На прэзэнтацыі выступілі старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, бард Віктар Шалкевіч.

Адбыўся таксама прагляд фільму Андрэя Лянкевіча пра беларусаў Польшчы.