Паўночная Карэя блізкая да запуску рэактара

Паўночная Карэя дасягнула прыкметнага посьпеху ў рэактывацыі закансэрваванага раней ядзернага рэактара ў комплексе Ёнбэн, адзначае адзін з амэрыканскіх мазгавых цэнтраў пры унівэрсытэце Джона Хопкінса ў штаце Мэрылэнд.
Рэактар могуць запусьціць цягам аднаго-двух месяцаў, аднак не зусім ясна, ці ёсьць у Пхэньяна паліўныя зборкі для рэактара.

У красавіку Пхэньян заявіў, што мае намер рэактываваць рэактар. Ён быў зачынены ў ліпені 2007 года ў рамках пагадненьня «раззбраеньне ў абмен на дапамогу».

Ахаладжальныя вежа рэактарнага комплексу была пазьней падарваная, але затым работы па дэмантажы аб’екта былі прыпыненыя.

Рашэньне КНДР аб перазапуску рэактара ў Ёнбэне было прынятае на фоне агульнага абвастрэньня ўзаемаадносін з Захадам пасьля правядзеньня чарговых ядзерных выпрабаваньняў 12 лютага.

Пасьля пуску рэактар зможа вырабляць каля 6 кг плютонію ў год, прыдатнага для выкарыстаньня ў ядзерных зарадах.

Зь 2006 года Паўночная Карэя зрабіла тры ядзерныя выпрабаваньні.
Пасьля апошняга зь іх у лютым гэтага года супраць яе былі ўведзеныя санкцыі ААН. У адказ Пхэньян выступіў з шматлікімі пагрозамі на адрас Вашынгтона і Сэўла.

Аднак у апошнія тыдні супрацьстаяньне стала менш жорсткім, а ў пачатку чэрвеня Пхэньян накіраваў высокапастаўленага дыплямата ў Пэкін.

На гэтым тыдні прэзыдэнты ЗША і КНР праводзяць сваю першую сустрэчу ў Каліфорніі, на якой сярод іншых пытаньняў будзе абмяркоўвацца сытуацыя з Паўночнай Карэяй.