Ужо сёньня, 3 чэрвеня: круглы стол пра Курапаты, прэзэнтацыя кнігі

Алег Грузьдзіловіч з новай кнігай «Хто ўзарваў Менскае мэтро?»

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

Менск. У офісе партыі БНФ адбудзецца круглы стол, прысьвечаны 25-м угодкам адкрыцьця Курапатаў. Пачатак а 15.00.

Менск. У офісе партыі БНФ адбудзецца прэзэнтацыя кнігі-расьсьледаваньня Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў Менскае мэтро?» (сэрыя «Бібліятэка Свабоды»). Пачатак а 17.00.

Менск. У офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі (вул. В. Харужай, д. 22, оф. 1701) адбудзецца сустрэча зь вядомым кінадакумэнталістам Юрыем Хашчавацкім. Рэжысэр пакажа свой фільм «Лабатамія» і адкажа на пытаньні прысутных. Пачатак а 18.30.

Менск. У кнігарні «логвінаЎ» выступіць джазавы калектыў Apple Tea («Яблычны чай»). А таксама адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Алеся Сапегі «Яблычны чай упрыкуску», зборніка фрашак з жыцьця музыкаў. Пачатак а 19.00. Уваход вольны.

Менск. У Палацы спорту з 1 па 9 чэрвеня працягваецца Чэмпіянат Эўропы па боксе.

Нью-Ёрк. У ААН адкрываецца да падпісаньня дзяржавамі-чальцамі новая Дамова аб гандлі ўзбраеньнямі.

Астана. Заканчэньне візыту ў Казахстан кіраўніка Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу.

Ташкент. Адкрыцьцё Офісу НАТО ў Цэнтральнай Азіі.

Екацерынбург. Адкрыцьцё саміту Эўразьвяз-Расея.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1875 – памёр Жорж Бізэ, францускі кампазытар.

1899 – памёр Ёган Штраўс, аўстрыйскі кампазытар.

1911 – нарадзілася Ганна Сапрыка беларуская пісьменьніца, перакладчыца.

1912 – на хутары Акопы на Лагойшчыне Янка Купала паставіў апошнюю кропку ў сваёй славутай камэдыі «Паўлінка».

1915 – нарадзіўся Адольф Гугель, беларускі мастак.

1924 – памёр Франц Кафка, аўстрыйскі пісьменьнік.

1935 – нарадзіўся Васіль Зуёнак, беларускі паэт.

1936 – нарадзіўся Алесь Дзятлаў, беларускі пісьменьнік, журналіст.

1960 – памёр Уладзімер Перцаў, беларускі гісторык, акадэмік.

1963 – памёр Ян XXIII, папа рымскі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Мама «Ойча наш...» прамаўляла
I вучыла ксьціцца мяне, —
Больш малітваў мама ня знала, —
З той, адной, быць і мне ў труне.

Слоў для Бога ня трэба многа,
З Богам лепш не крычаць — памаўчаць
«Ойча наш...» — мая засьцярога,
Калі д'яблы ўвушшу верашчаць.

«Ойча наш...» — ці ў грымотах дарога,
Ці ў чарнобыльскай мляўкай цішы, —
«Ойча наш...» — я прашу толькі ў Бога
Хлеба і ўратаваньня душы.

Я ў сваіх унівэрсытэтах
He спазнаў да неба шляхоў, —
Ды здагадку меў, што ў Сусьветах
«Ойча наш...» — мой надзейны схоў.

«Ойча наш...» — тыя вочы-пытаньні,
Што на покуці ў нас жылі,
Мне і сёньня адказ патайны
Абяцаюць, ды не на зямлі...


Васіль Зуёнак, верш «Ойча наш...»