Портнікаў: Украіна хоча толькі зрабіць уражаньне

Віталь Портнікаў

Пра ўдзел Украіны ў працы Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану заявіў сёньня ў Астане ўкраінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч. Магчымасьць такой інтэграцыі камэнтуе нашаму радыё галоўны рэдактар украінскага тэлеканалу Tvi Віталь Портнікаў:

«Паміж Украінай і Расеяй цяпер найбольш складаныя дачыненьні за ўвесь пэрыяд іх двухбаковых адносінаў за апошнія гады. І мне здаецца, што тое, што адбылося ў Астане, толькі пацьвярджае тое, што бакі могуць выключна рабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Я хацеў бы нагадаць, што ніякага статуса назіральніка пры Мытным зьвязе не існуе й ня будзе існаваць. Гаворка ідзе пра тое, што пасьля таго, як будзе створаны Эўразійскі зьвяз, бакі, якія будуць яго чальцамі, а гэта Расея, Беларусь і Казахстан, вызначаць парамэтры назіраньня ў гэтым зьвязе. І толькі пасьля гэтага будзе вырашанае пытаньне пра тое, у якіх формах будзе ўдзельнічаць у гэтым аб'яднаньні Ўкраіна.

Па вялікім рахунку, ні пра якія сур'ёзныя формы інтэграцыі паміж Украінай і краінамі будучага Эўразійскага зьвязу ня можа быць гаворкі да выпрацоўкі паўнавартасных дакумэнтаў. А калі гэтыя дакумэнты зьявяцца, мы таксама ня можам з вамі казаць, бо тэрмін пачатку распрацоўкі гэтых дакумэнтаў вызначаны як 1 студзеня 2015 году. Калі да гэтага часу сам Эўразійскі зьвяз ня будзе створаны і ня будуць канчаткова падпісаныя дакумэнты пра яго стварэньне, гэтая дата таксама адсунецца. Калі на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне пераможа ня Віктар Януковіч, гэта таксама не адбудзецца. Таму я лічу любую дыскусію пра новую інтэграцыю Ўкраіны на постсавецкай прасторы нейкім прапагандысцкім падарункам адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны, якая такім чынам хоча зрабіць уражаньне на сваіх эўрапейскіх партнэраў».