Акторы Купалаўскага тэатру зьняліся ў кліпе пераможцы «КЛІПзаМОВЫ» (відэа)

Прэзэнтацыя кліпу адбылася на канцэрце Арт Сядзібы 26 траўня ў клубе RE:PUBLIC

У кліпе гурту «ili-ili» на песьню «Танчыць» зьняліся акторы тэатру імя Янкі Купалы Зоя Белахвосьцік, Зьміцер Ясеневіч, Валянціна Гарцуева ды іншыя.
Творчая група «Арт Сядзіба» абвясьціла конкурс «КЛІПзаМОВА» ўзімку 2013 году. Удзел у конкурсе маглі ўзяць беларускамоўныя гурты. Конкурc скіраваны на папулярызацыю незалежнай беларускамоўнай музыкі. Паводле ўмоваў конкурсу, пераможца атрымлівае магчымасьць зьняць бясплатна кліп.

Шляхам галасаваньня сярод інтэрнэт-карыстальнікаў пераможцам быў вызначаны гурт «ili-ili» зь песьняй «Танчыць».

У гурце «ili-ili» граюць і сьпяваюць акторы Купалаўскага тэатру. Раней яны былі часткаю гурту «Дзецідзяцей», а цяпер распачалі асобны музычны праект. Як сказалі музыкі, ідэя сьпяваць па-беларуску ўзьнікла ў іх падчас гастроляў тэатру ў Францыю.