Расея паставіць С-300 рэжыму Башара Асада

Комплекс С-300Б.

Расея заявіла, што будзе пастаўляць зэнітна-ракетныя комплексы С-300 ў Сірыю, каб дапамагчы Дамаску пазьбегнуць замежнага ўварваньня ў краіну. На Захадзе успрымаюць гэтае рашэньне як спробу эскаляцыі сірыйскага канфлікту.
З заявай пра пастаўкі С-300 сірыйскаму ўраду, які вядзе баявыя дзеяньні з паўстанцамі, заявіў намесьнік міністра замежных спраў Расеі Сяргей Рабкоў:

«Мы лічым гэтыя пастаўкі стабілізуючым фактарам і верым, што такія крокі будуць стрымліваць некаторыя гарачыя галовы ад разгляду сцэнарыяў, якія ператварылі б канфлікт на міжнародны».

Паводле Рабкова, кантракт на пастаўку ракет Расея заключыла з Сірыяй некалькі гадоў таму. Пастаўляючы гэтую зброю, Масква дзейнічае «цалкам у рамках нормаў міжнароднага права», зазначыў прадстаўнік Расеі ў НАТО Аляксандр Грушко:

«Мы не робім нічога, што магло б зьмяніць сытуацыю ў Сірыі. Зброя, якую мы пастаўляем, мае абароннае значэньне».

У Расеі крытычна ўспрынялі нядаўняе рашэньне Эўрапейскага зьвязу, які адмовіўся ад працягу эмбарга на пастаўкі зброі паўстанцам у Сірыі, пакінуўшы санкцыі ў дачыненьні да рэжыму Башара Асада.

Паводле брытанскай тэлерадыёкампаніі ВВС, рашэньне Расеі можна разглядаць як спробу эскаляцыі сірыйскага канфлікту.