Падзеі і даты сёньняшняга дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ
Менск, онлайн-канфэрэнцыя міністра юстыцыі Алега Сьліжэўскага на сайце міністэрства.
Менск, музэй сучаснага выяўленчага мастацтва, прэсавая канфэрэнцыя, прысьвечаная праекту «Мастак і горад. Казімір Малевіч». Пачатак у 13.00.
Горадня, катэдральны сабор Сьвятога Францыска Ксавэрыя, урачыстасьць Найсьвяцейшага Цела і Крыві Гасподняй. У сьвяткаваньні возьме ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Служба пачнецца ў 18.00.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1416 – спалены на вогнішчы Геранім Праскі, чэскі рэлігійны дзяяч, паплечнік Яна Гуса.
1431 – спаленая на вогнішчы Жанна д'Арк, нацыянальная гераіня Францыі і каталіцкая сьвятая.
1778 – памёр Вальтэр, францускі філёзаф.
1814 – высылка Напалеона на востраў Эльба.
1814 – нарадзіўся Міхаіл Бакунін, расейскі рэвалюцыянэр, пачынальнік анархізму.
1826 – нарадзіўся Зыгмунт Серакоўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 у Беларусі і Літве.
1829 – памёр Францішак Сапега, удзельнік паўстаньня 1794 году.
1876 – расейскі імпэратар Аляксандр II падпісаў Эмскі ўказ, якім забараніў друкаваць на ўкраінскай мове арыгінальныя творы і пераклады, даваць сцэнічныя паказы, чытаць лекцыі на ўкраінскай мове, а таксама ўвозіць украінскія выданьні з-за мяжы.
1896 – нарадзіўся Канстанцін Саньнікаў, беларускі і савецкі рэжысэр, актор, адзін з заснавальнікаў Купалаўскага тэатру, дзед палітыка Андрэя Саньнікава.
1927 – нарадзіўся Вітаўт Кіпель, дзяяч беларускай дыяспары ў ЗША, навуковец і выдавец, дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
1999 – адбылася трагічная цісканіна ў пераходзе станцыі мэтро «Няміга» у Менску, загінулі 53 чалавекі. Сваю баляду пра гэтае здарэньне Аляксандар Памідораў назваў «Крывавае сьвята».
ЦЫТАТА ДНЯ
Калі б бога не існавала, яго трэба было б выдумаць.
Вальтэр