У Беларусь прыедзе намесьнік генэральнага сакратара ААН

Юры Фядотаў

29-30 траўня з рабочым візытам Беларусь наведае намесьнік генэральнага сакратара ААН — выканаўчы дырэктар Упраўленьня ААН па наркотыках і злачыннасьці Юры Фядотаў.
У рамках візыту плянуецца сустрэча Фядотава зь міністрам унутраных спраў Беларусі Ігарам Шуневічам, азнаямленьне з працай Міжнароднага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі, павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у сфэры міграцыі і процідзеяньня гандлю людзьмі Акадэміі МУС.

У гэтыя дні на базе міліцэйскай ВНУ адбудзецца сэмінар для прадстаўнікоў праваахоўных органаў дзяржаў-членаў Групы сяброў, якія аб’ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі. З прывітальным словам да ўдзельнікаў сэмінара выступяць прадстаўнікі аўтарытэтных міжнародных арганізацый, у тым ліку і Юры Фядотаў.

У Групу сяброў, створаную па ініцыятыве Беларусі, сёньня ўваходзяць 22 дзяржавы, якія падтрымалі пазыцыю аб неабходнасьці кансалідацыі міжнародных намаганьняў па супрацьдзеяньні гандлю людзьмі.