Брытанія: Яшчэ двое арыштаваныя за забойства вайскоўца

Былы брытанскі вайсковец Скот Пэры прыйшоў аддаць даніну памяці ахвяры забойства ў Лёндане.

Брытанская паліцыя арыштавала яшчэ дваіх падазраваных у справе аб забойстве вайскоўца на вуліцы ў Лёндане. Паводле паліцыі, арыштаваныя мужчына і жанчына, якім па 29 гадоў. Іх падазраюць ва ўдзеле ў змове з мэтай забойства.
22 траўня двое невядомых з нажамі напалі на 25-гадовага Лі Рыгбі і забілі яго, выкрыкваючы ісламісцкія лёзунгі. Паліцыянты, якія прыбылі на месца здарэньня, паранілі нападнікаў і арыштавалі іх. Імёны нападнікаў не называюцца, але некаторыя мэдыі паведамілі, што абодва – брытанскія грамадзяне нігерыйскага паходжаньня. Брытанская паліцыя разглядае напад як магчымы тэракт.

Прэм'ер-міністар Брытаніі Дэйвід Кэмэран заявіў, што ягоная краіна захавае рашучасьць у змаганьні з тэрарызмам. Кэмэран заклікаў не абвінавачваць у гэтым нападзе усіх мусульман, бо, паводле яго, адказнасьць ляжыць на канкрэтных агідных асобах, якія зладзілі гэтае злачынства.