Якая краіна найбольш дабратворна уплывае на сьвет?

Паводле апытаньня, замоўленага кампаніяй Бі-Бі-Сі, найлепшы ўплыў на сучасны сьвет мае Нямеччына.
Апытаньне было праведзенае сярод больш чым 26 тысяч чалавек на ўсіх кантынэнтах. Рэспандэнтам прадставілі сьпіс з 16 краінаў і Эўразьвязу ды папрасілі адказаць на пытаньне, ці ўплыў гэтых палітычных утварэньняў на сьвет зьяўляецца «пераважна станоўчым» ці «пераважна адмоўным».

Нямеччына заняла першае месца ў гэтым рэйтынгу: 59% апытаных ацанілі, што яе ўплыў на сучасны сьвет зьяўляецца «пераважна станоўчым». Далейшыя месцы занялі Канада (55% станоўчых ацэнак), Вялікабрытанія (55%) і Японія (51%).

ЗША атрымалі 45% станоўчых ацэнак і 34% адмоўных; Расея — 30% станоўчых і 40% адмоўных.

Найгорш рэспандэнты ацанілі Іран — 15% станоўчых ацэнак і 59% адмоўных.