Кэмэран: напад у Лёндане мог быць тэрактам

Дэвід Кэмэран

Улады Вялікабрытаніі маюць пэўныя факты, якія сьведчаць, што жорсткае забойства на паўднёвым усходзе Лёндана магло быць тэрактам.
Пра гэта заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Парыжы прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран.

Ён заявіў, што ў сувязі з інцыдэнтам перапыняе свой візыт у Францыю і вяртаецца ў Лёндан.

Паводле брытанскай паліцыі, днём 22 траўня двое невядомых з нажамі напалі на мужчыну ў раёне Вуліч непадалёк ад вайсковай адукацыйнай установы і забілі яго. Па некаторых дадзеных, забіты быў вайскоўцам. Паліцыянты, якія прыбылі на месца здарэньня, паранілі тых, хто нападаў. Пацярпелыя шпіталізаваны.

Тэлеканал ITV паказаў кадры, на якіх адзін з падазраваных у нападзе кажа: "Клянёмся Алахам, што ніколі не спынім барацьбу з вамі".