Панявечаная сьвятыня пад бокам Магілёва

У вёсцы Княжыцы, што за дзесяць кілямэтраў ад Магілёва, разбураецца будынак дамініканскага касьцёла сьвятых Антонія і Мікалая — помнік архітэктуры 17 стагодзьдзя.
У 1865 годзе будынак касьцёла аддалі праваслаўным. Былы касьцёл стаў царквой сьвятога Аляксандра Неўскага. Праз сто гадоў, у 1965-м, і царкву зачынілі. За прамінулыя паўстагодзьдзя будынак стаў аварыйным.

Былую сьвятыню некалькі разоў браліся рэстаўраваць, але безвынікова. Ад былых намераў усярэдзіне камяніцы яшчэ засталіся рыштаваньні. У некалькіх месцах будынак мае глыбокія расколіны. Дах працякае. Аздабленьне сьвятыні зьнішчанае. У ёй цяпер ладзяцца п’янкі. На мурах — зьневажальныя надпісы. Там, дзе раней маліліся вернікі, — бітае шкло, бутэлькі, кучы тынку з цэглай.

Нават у напаўразбураным стане апаганеная сьвятыня ўражвае. Старажылы вёскі цьвердзяць, што ў Другую ўсясьветную вайну ў сутарэньнях касьцёла яны ратаваліся ад бамбёжак. Велічны будынак касьцёла добра відаць з шашы на Менск.