Глыбокае: камісія вызначыць пакараньне за «Пагоню»

У Глыбоцкім райвыканкаме адбудзецца пасяджэньне адміністрацыйнай камісіі, на якое выкліканы жыхар пасёлка Падсьвільле Мар’ян Місевіч.
Яго вінавацяць у парушэньні «архітэктурнага рашэньня» шматпавярховіка, дзе ён жыве — за тое, што размаляваў гаўбец пад нацыянальны сьцяг ды прымацаваў «Пагоню».

Добраўпарадкаваны такім чынам гаўбец прыцягваў увагу мінакоў цягам тыдня, бо выглядаючы дужа кантрастна побач зь іншымі, аблезлымі і нефарбаванымі. У гэтым доме цягам 40 гадоў не было рамонту.

Потым, не папярэдзіўшы гаспадара, камунальная служба перафарбавала гаўбец у чырвоны колер. А галоўны архітэктар Глыбоцкага раёну склаў на спадара Місевіча пратакол паводле артыкула 21.13 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях за «парушэньне архітэктурнага рашэньня фасадаў будынкаў і збудаваньняў» Мар’яну Місевічу пагражае штраф ад 200 тысяч да мільёна рублёў.

Якое спагнаньне будзе мець былы настаўнік матэматыкі, мае вырашыць раённая адміністрацыйная камісія.