Паўночная Карэя запусьціла чацьвёртую ракету за два дні

Архіўны здымак. 30 студзеня 2013 г.

Паўднёвая Карэя паведаміла сёньня аб чарговым запуску Пхэньянам ракеты малога радыюсу дзеяньня — ужо чацьвёртай за апошнія два дні.
Паводле зьвестак паўднёвакарэйскага міністэрства абароны, ракета была запушчана ў раёне ўсходняга ўзьбярэжжа пасьля поўдня.

Занепакоенасьць дзеяньнямі КНДР выказаў генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, які назваў ажыцьцёўленыя Пхеньянам у суботу выпрабаваньні «правакацыйным крокам». Пан Гі Мун заклікаў Пхэньян устрымацца ад далейшых выпрабаваньняў і вярнуцца за стол міжнародных перамоў у справе паўночнакарэйскай ядзернай праграмы.

У інтэрвію РИА «Новости» падчас візыту ў Расею Пан Гі Мун выказаў меркаваньне, што Масква магла б выкарыстоўваць свае кантакты для таго, каб зьнізіць напружанасьць на Карэйскай паўвысьпе і спрыяць аднаўленьню дыялёгу з КНДР.