ПАДЗЕІ ДНЯ
У Менску канцэртна-забаўляльныя мерапрыемствы на вул. Карла Маркса. Выступаюць вулічныя музыкі, аматарскія тэатральныя калектывы. Мінакі могуць набыць вырабы рамесьнікаў.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1780 – нарадзіўся Людвік Міхаіл Пац, вайсковы дзяяч, удзельнік паўстаньня 1830-1831 гадоў.
1881 – нарадзіўся Мустафа Кемаль Ататурк, турэцкі палітык, заснавальнік і першы прэзыдэнт Турэцкай Рэспублікі. Здольны і выбітны афіцэр падчас Першай сусьветнай вайны, пасьля паразы Асманскай імпэрыі ўзначаліў турэцкі нацыянальна-вызваленчы рух, які завяршыўся скасаваньнем султанату (1922) і стварэньнем Турэцкай Рэспублікі (1923). Прэзыдэнцтва Ататурка азначылася правядзеньнем палітычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў. Прыхільнік ідэалёгіі асьветніцтва, Ататурк імкнуўся ператварыць былую Асманскую імпэрыю ў сучасную, дэмакратычную і сэкулярную нацыянальную дзяржаву. Памёр 10 лістапада 1938 году ад цырозу печані, спрычыненага застарэлым алькагалізмам. У Турэччыне склаўся культ асобы Ататурка, які збольшага нагадвае культ асобы Леніна ў СССР.
1896 – памёр Ян Козел, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Было неабходна забараніць фэску, якая сядзела на галовах нашага народу як сымбаль невуцтва, нядбайнасьці, фанатызму, нянавісьці да прагрэсу і цывілізацыі, і замяніць яе капелюшом – галаўным уборам, якім карыстаецца ўвесь цывілізаваны сьвет. Такім чынам мы дэманструем, што турэцкая нацыя ў сваім мысьленьні, як і ў іншых аспэктах, ні ў якай меры не ўхіляецца ад цывілізаванага грамадзкага жыцьця».
Мустафа Кемаль Ататурк