На Канскім кінафэстывалі ўпершыню пакажуць беларускамоўныя мульцікі

Your browser doesn’t support HTML5

Прэм’ера Несьцеркі

На Міжнародным кінафэстывалі ў Канах з 14 па 25 траўня будзе працаваць нацыянальны павільён Беларусі.
Беларускі бок плянуе вывучыць цікавасьць да магчымага продажу першага беларускага поўнамэтражнага анімацыйнага фільму «Прыгоды Несьцеркі», таму падрыхтаваны варыянт мультфільма з ангельскімі субцітрамі, распавёў БелТА гендырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Алег Сільвановіч.

«Прыгоды Несьцеркі» — гэта першы нацыянальны прадукт такога кшталту за многія гады: за савецкім часам мульцікаў па-беларуску амаль не выпускалі. Стваральнікі спадзяюцца, што з дапамогай беларускага героя Несьцеркі здолеюць пазнаёміць замежных гледачоў з культурай, традыцыямі і адметнасьцямі Беларусі.



Рэжысэр мультфільма «Прыгоды Несьцеркі» Ігар Воўчак, сцэнарыст Дзьмітрый Якутовіч, мастакі-пастаноўшчыкі Ала Мацюшэўская, Ірына Тарасава. У агучваньні пэрсанажаў задзейнічаныя многія папулярныя акторы тэатру і кіно: Генадзь Аўсяньнікаў, Віктар Манаеў, Аляксандар Ткачонак, Уладзімер Мішчанчук, Аляксандар Кашпераў, Іван Мацкевіч, Тамара Мужэнка, Сьвятлана Сухавей ды іншыя.

У адмысловай праграме кінафэстывалю Short Film Corner «Беларусьфільм» пакажа пяць кароткамэтражак — прэм’ерную анімацыйную стужку «Рыбка, якую завуць Нельга — 3», адзначаны прызамі на міжнародных фэстывалях мультфільм «Як служыў я ў пана» й іншыя.