«Уся падрыхтоўчая праца па аб’яднаньні Менскага і Камскага аўтамабільных заводаў скончаная», — заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску намесьнік генэральнага дырэктара МАЗа Дзьмітрый Караткевіч.
Адказваючы на пытаньне нашага радыё, ён таксама сказаў, што адпаведныя дакумэнты ўжо падрыхтаваныя і перададзеныя ва ўрад.
Намесьнік генэральнага дырэктара МАЗа даў зразумець, што рашэньне аб лёсе прадпрыемства будзе прымацца зь беларускага боку на высокім роўні:
«Скончаныя ўсе дакумэнтальныя падрыхтоўчыя працы. Ацэненыя актывы як МАЗа, так і КаМАЗа. Усе прапановы перададзеныя на ровень ураду. І менавіта на гэтым роўні будзе прынятае рашэньне наконт аб’яднаньня.
З пункту гледжаньня працы на зьнешніх рынках аб’яднаньне, натуральна, дазволіць нам выкарыстоўваць актывы абодвух прадпрыемстваў. Мы будзем карыстацца зборачнай вытворчасьцю КаМАЗа, КаМАЗ будзе карыстацца зборачнымі прадпрыемствамі МАЗа. І гэта, натуральна, скароціць выдаткі. Будзе магчымасьць аптымізаваць выдаткі на стварэньне новых зборачных вытворчасьцяў».
Так бачаць сытуацыю вытворцы ў Менску. Расея таксама настойвае на аб’яднаньні і публічна называе гэты праект адным з прыярытэтаў сваёй інтэграцыйнай палітыкі. Беларусь то пагаджаецца на аб’яднаньне, то катэгарычна адмаўляецца ад зьліцьця. Апошнім разам катэгарычна супраць гэтага праекту выступіў Аляксандар Лукашэнка:
Your browser doesn’t support HTML5
Пра лёс МАЗа
«Ня ведаю, як там ва ўрадзе рашаецца пытаньне. Але гэта ня іх сфэра. Усё роўна прыйдуць да прэзыдэнта. Што мы атрымаем ад гэтага аб’яднаньня, акцыянаваньня? А яшчэ і перадай за бясцэнак акцыі МАЗа.
Што мы атрымаем? Рынкі? Яны ў нас ёсьць, і яны ў нас агульныя. І мы не саступаем па якасьці, па цане прадукцыі, якую выпускае сёньня будучы акцыянэр. Я пытаюся: колькі вы ўкладзяце ў мадэрнізацыю МАЗа, калі вы сюды прыйшлі? Мне адказваюць: грошай няма. Я — прэзыдэнт Беларусі. І я на гэтую бандыцкую акцыю, інакш і не назавеш, не пайду».
Між тым сытуацыя ў Расеі з попытам на беларускія аўто зьмяняецца. Гэта прызнаў і Дзьмітрый Караткевіч:
«Напрыканцы мінулага году Расея перайшла на новыя экалягічныя стандарты — „Эўра-4“. І гэта пацягнула за сабою насьцярожанасьць спажыўцоў, бо пакуль няма рамонтнай базы, не хапае запасных частках, якаснага маторнага паліва, каб забясьпечыць гэтыя нормы. У сувязі з гэтым панізіўся попыт, што, у сваю чаргу, і выклікала праблемы з рэалізацыяй нашай прадукцыі».
На Расейскую Фэдэрацыю ў агульных пастаўках БелАЗаў прыпадае 64% усёй прадукцыі. І гэта пры ўсіх нашых спробах знайсьці альтэрнатыўныя рынкі. А на расейскім рынку попыт падае, — прызнаў намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства Кірыл Казачэнка:
«Нашы аналітыкі пакуль ня бачаць вялікага прагрэсу. Папярэдне мы разьлічвалі, што ў другім паўгодзьдзі будзе рост цэнаў на вугаль і руды. Але гэтага не адбываецца. І гэта адпаведна мы бачым па попыце. Таму цяпер мы вымушаныя ісьці на кантракты з доўгімі адтэрміноўкамі плацяжоў».
Многія беларускія тавары, у тым ліку спажывецкія, робяцца неканкурэнтаздольнымі ў Расеі
Расейскі рынак і надалей будзе скарачацца для беларускіх тавараў. І ня толькі для аўтамабіляў, — адзначае маскоўскі эканаміст Дзьмітрый Балкунец:
«Беларуская прадукцыя не пасьпявае за той мадэрнізацыяй, якая цяпер праводзіцца ў Расеі. Многія беларускія тавары, у тым ліку спажывецкія, робяцца неканкурэнтаздольнымі ў Расеі. Напрыклад, учора я чарговым разам пабачыў літровую бутэльку беларускага кефіру ў маскоўскай краме коштам 93 расейскія рублі. Хоць расейскія аналягі не перавышаюць 50 рублёў. Я нават ня ведаю, хто яго купляе.
У Расеі ёсьць грошы для закупу больш якаснай прадукцыі. А беларускія машыны, той жа БелАЗ, за якасьцю не пасьпяваюць. І таму расейскія прапановы аб’яднаць аўтамабільныя актывы, улічваючы вялікую долю паставак зь Беларусі ў Расею, я лічу абгрунтаванымі і рацыянальнымі».