Віцебскага актывіста БНФ будуць судзіць другі раз

Леанід Аўтухоў

На Леаніда Аўтухова, старшыню абласной партыйнай арганізацыі, склалі пратакол за парушэньне заканадаўства аб СМІ.
Гэта ўжо другое адміністрацыйнае абвінавачаньне з боку супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС паводле падзеяў, што адбыліся больш як месяц таму, 22 сакавіка.

Тады, напярэдадні Дня Волі, Леаніда Аўтухова і ягонага аднапартыйца Кастуся Смолікава затрымалі ў гандлёвым цэнтры «Эвіком». Супрацоўнікі міліцыі склалі на абодвух пратаколы за парушэньне заканадаўства аб масавых акцыях: маўляў, яны раздавалі партыйны бюлетэнь «Магістрат», дзе быў артыкул пра пададзеную на 25 сакавіка заяўку на сьвяточны мітынг.

Мітынг у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў раённая адміністрацыя забараніла, хоць афіцыйнага адказу Леанід Аўтухоў на той час яшчэ не атрымаў. Тым ня менш і Смолікава, і Аўтухова Кастрычніцкі райсуд прызнаў вінаватымі і прысудзіў па 5 сутак арышту кожнаму — за запрашэньне на несанкцыянаваную акцыю.

Але 17 красавіка спадару Аўтухову патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС і паведамілі, што інцыдэнт ня вычарпаны. Яму даслалі позву ў пастарунак і 24 красавіка пазнаёмілі з новым пратаколам. Цяпер яго вінавацяць у парушэньні парадку распаўсюду бюлетэня «Магістрат».

«У пратаколе напісана, што ў нас было больш асобнікаў „Магістрату“, чым дазваляе заканадаўства аб СМІ, калі гэтае выданьне не зарэгістраванае і не пэрыядычнае. Паводле заканадаўства колькасьць паасобнікаў не павінна перавышаць 299. Але — хто лічыў, колькі тых паасобнікаў было? Калі ў нас іх забіралі, то не пералічвалі, згрэблі ўсё кучай. Потым нібыта паступіў загад пералічыць, але пры мне гэтага не рабілі: проста прыйшоў міліцыянт і сказаў таму, хто складаў пратакол: „Пішы, што было 1080 асобнікаў“. Я так і напісаў у тлумачэньні: ня ведаю, колькі іх было, і не магу сказаць, чаму аказалася так шмат. Увогуле ж пасьля суду 25 сакавіка і пасьля таго, як судовае рашэньне ўступіла ў сілу, усе рэчавыя доказы падлягалі зьнішчэньню. Але бюлетэні ня зьнішчылі. Мне сказалі, што пра гэта нібыта ўжо пасьля суду хадайнічала кіраўніцтва Кастрычніцкага РАУС», — паведаміў Леанід Аўтухоў.

Яму сказалі чакаць позвы ў суд. Пэўная дата пачатку працэсу яшчэ не прызначана. Паводле адміністрацыйнага артыкула 22.9 яму пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічынь.