Вэнэсуэла пасьля выбараў: 7 загінулых, арыштаваныя 130

Сутыкненьні падчас дэманстрацыі ў Каракасе 15 красавіка

У Вэнэсуэле ў выніку беспарадкаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў загінулі, паводле апошніх дадзеных, ня менш за сем чалавек.
Пра гэта ў аўторак паведаміла генэральны пракурор краіны Луіза Артэга, дадаўшы, што арыштаваныя больш за 130 чалавек.

Беспарадкі пачаліся ў панядзелак у Каракасе і шэрагу іншых гарадоў, дзе праходзяць выступы ў падтрымку двух кандыдатаў - прадстаўніка кіруючай Адзінай сацыялістычнай партыі Нікаласа Мадуры, які перамог на нядзельных выбарах, і апазыцыянэра Энрыке Капрылеса. Мадура атрымаў перамогу з невялікім адрывам. Капрылес патрабуе пераліку галасоў і адмаўляецца прызнаць паразу.

У аўторак Нікалас Мадура, якога назваў сваім пераемнікам нябожчык прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавес, абвінаваціў прыхільнікаў апазыцыі ў змове супраць ураду.