Ужо сёньня, 15 красавіка: суд над Класкоўскай, дапісаны «Тарас на Парнасе», заснаваная Магілёўская архідыяцэзія, пачынаецца сяўба

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.
ПАДЗЕІ ДНЯ

У Стакгольме пракурор будзе выбіраць далейшую меру стрыманьня для Вольгі Класкоўскай, якая падазраецца ў замаху на забойства мужа.

У паўднёвых раёнах Беларусі пачынаецца пасяўная кампанія.

Заканчваецца тэрмін падачы заявак (для тых, у каго ёсьць віза) на ўдзел у Міжнароднай студэнцкай канфэрэнцыі «Эўропа 2013: Гуманітарныя навукі паміж мінулым і будучыняй», якая пройдзе 17-19 траўня 2013 году
ў Вільні (адрас электроннай пошты: studentconference@ehu.lt).

Менск. Пройдзе паседжаньне Савету Рэспублікі. Пачатак а 10.00.

Менск. У Нацыянальным Мастацкім музэі пройдзе круглы стол «Праблемы і пэрспэктывы разьвіцьця сучаснага мастацтва шкла, керамікі і эмалі ў краінах СНД». Пачатак а 15.00.

Менск. У Нацыянальным Мастацкім музэі адкрываецца выстава «Мастацкі Пецярбург: шкло, эмаль, кераміка». Пачатак а 17.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1432 – Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч аднавіў дзяржаўную унію з Польшчай, скасаваную вялікім князем Сьвідрыгайлам.

1783 – Утворана каталіцкая Магілёўская архідыяцэзія.

1852 – памёр Тадэвуш Тышкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага княства Літоўскага, удзельнік паўстаньняў 1794 і 1830–1831 гадоў.

1855 – Канстанцін Вераніцын у Гарадку на Віцебшчыне завяршыў працу над паэмай «Тарас на Парнасе», якая пасьля будзе доўгі час лічыцца ананімнай. Толькі зусім нядаўна беларускім архівістам удалося знайсьці аўтарскі асобнік паэмы. Цяпер ужо і ў школьных праграмах яна вывучаецца як твор Канстанціна Вераніцына.

1896 – Скончыліся Гульні I Алімпіяды, якія праходзілі ў Атэнах.

1940 – памёр у турме Язэп Лагіновіч, дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, удзельнік Слуцкага паўстаньня.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Во перад люстрам задам меліць
І маслам мажа валасы
Ды нечым белым твар свой беліць
Вянера, знаць, дзеля красы.
Амур жа зь дзеўкамі жартуе,
Ну, проста сьмех ажно бярэ!
То ён зьнянацку пацалуе,
То хустку з галавы зьдзярэ;
То на гармоніку зайграе,
То німфам песьню запяе,
То адным вокам заміргае,
Як быццам бы каго заве.


Канстанцін Вераніцын, «Тарас на Парнасе»