Мадура хоча аддаць прэзыдэнцкі палац Вэнэсуэлы пад музэй Чавэса

Нікалас Мадура

Выканальнік абавязкаў прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікалас Мадура заявіў, што хоча аддаць значную частку прэзыдэнцкага палацу Мірафлорэс у Каракасе пад музей Уга Чавэса.
«Мы ператворым большую частку Мірафлорэсу ў гістарычны музэй рэвалюцыі і пакінем некранутым кабінет «камандантэ Чавэса», — заявіў Мадура.

Для сябе Мадура мае намер адвесці невялікі кабінет ў іншым крыле будынку. Ён растлумачыў, што памяшканне большай плошчы яму і не трэба: у выпадку перамогі на выбарах 14 красавіка Мадура мае намер вялікую частку часу праводзіць у паездках па Вэнэсуэле.

Палац Мірафлорэс пабудаваны пры канцы 19-га стагоддзя ў цэнтры Каракаса, афіцыйнай рэзідэнцыяй прэзыдэнтаў Вэнэсуэлы ён стаў з 1900 году.