Таксісты Піцера просяць абароны ад сэксуальнай агрэсіі пасажырак

Торыі Кіёнага. Тры п'яныя жанчыны, 1787

Як паведамляе руская служба нашага радыё, таксісты Санкт-Пецярбургу пачалі збор подпісаў пад пэтыцыяй, у якой просяць абараніць іх ад п’яных пасажырак.
Кіроўцы таксі заяўляюць, што некаторыя пасажыркі ў стане алькагольнага ап’яненьня робяцца агрэсіўнымі і пачынаюць прыставаць да кіроўцаў. Таксісты лічаць, што ў расейскі крымінальны кодэкс варта ўнесьці папраўкі, дзякуючы якім пацярпелымі ад згвалтаваньня будуць прызнавацца ня толькі жанчыны, але і мужчыны. Цяпер у адпаведным артыкуле крымінальнага кодэксу РФ усюды фігуруе слова «пацярпелая».

У пэтыцыі таксістаў адзначаецца, што колькасьць выпадкаў сэксуальных дамаганьняў з боку п’яных пасажырак рэзка павялічваецца ў пятніцу і ў выходныя дні, прычым мужчыны, якія сядзяць за рулём, робяцца ахвярамі пагрозаў, а тое і адкрытага гвалту з боку п’янай жаночай кампаніі.