Ужо сёньня, 24 сакавіка: Шэсьце ў Менску ў гонар БНР

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

Шэсьце і мітынг у гонар 95-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі пачнецца ад пляцоўкі ля ўваходу ў кінатэатар «Кастрычнік» (станцыя мэтро «Акадэмія навук»). Шэсьце пройдзе па праспэкце Незалежнасьці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе заплянаваны мітынг. Збор удзельнікаў а 12.00.

24 сакавіка — Сусьветны дзень барацьбы з сухотамі. Сусьветны дзень барацьбы з сухотамі адзначаецца паводле рашэньня Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя у дзень, калі ў 1882 годзе нямецкі мікрабіёляг Робэрт Кох абвясьціў аб зробленым ім адкрыцьці ўзбуджальніка сухотаў. У 1905 годзе Р. Кох атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне мэдыцыны. У 1993 годзе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя абвясьціла сухоты нацыянальным бедзтвам, а дзень 24 сакавіка — Сусьветным днём барацьбы з сухотамі. У цяперашні час штогод сухоты забіраюць жыцьці 1,6 мільёна чалавек, большасьць з якіх — жыхары разьвіваных краінаў.
У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

Тадэвуш Касьцюшка

1794 — у Рэчы Паспалітай пачалося ўзброенае паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі. У гэты дзень на Рынкавай плошчы Кракава быў агалошаны Акт паўстаньня, якім Вышэйшым і Адзіным начальнікам узброеных сіл і кіраўніком усяго паўстаньня абвяшчаўся нашчадак старажытнага беларускага шляхецкага роду Андрэй Тадэвуш Банавянтура Касьцюшка. Яму даручалася сфармаваць вышэйшы заканадаўчы і адміністрацыйна-выканаўчы орган паўстаньня для ўсёй Рэчы Паспалітай — Вышэйшую народную раду. Паражэньне паўстаньня дало магчымасьць Аўстрыі, Прусіі і Расеі захапіць усю тэрыторыю Рэчы Паспалітай і ў 1795 падзяліць яе паміж сабой. Па гэтым падзеле да Расеі адышлі Заходняя Беларусь, Літва, Курляндыя і частка Заходняй Украіны, Прусія захапіла польскія землі з Варшавай, Аўстрыя — з Кракавам.

Пятрусь Броўка

1980 — памёр Пятрусь Броўка, народны паэт Беларусі.


1984 — праведзены першы пробны рэйс першай лініі Менскага мэтро.


2006 — у Менску пасьля 4-х дзён існаваньня разагнанае намётавае мястэчка, створанае падчас акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Мне хочацца гэтае слова
Для вас не з трыбуны сказаць,
Мне хочацца сэрцаў размовы
Як можна хутчэй паяднаць.

Каб кожны, жадаючы міру,
Што мог, дзеля міру стварыў.
Тут нашаю моваю шчырай
Савецкі Саюз гаварыў:

— Даб’ёмся сяброўскае згоды,
Пакончым са зброяй навек!
I з гэтаю думкай заўсёды
Савецкі жыве чалавек.

Прэч бамбавозаў прапэлеры,
Танкам — дарогі нідзе,
Тое, што кажуць Ракфэлеры,
Дапамагае бядзе.

Толькі для мірнага атама
Высі адкрытыя ў нас,
Хто вас паслаў дэлегатамі,
Можаце ўспомніць наказ?

Справу патрэбную рухайце,
Досыць вайны і нягод,
Сьвет узьнімаецца, слухайце —
Міру жадае народ.

Пятрусь Броўка, «Нявыказанае выступленьне на Генэральнай асамблеі» (фрагмэнт)