Прызначаны новы амбасадар Літвы ў Беларусі

Эвалдас Ігнатавічус

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце прызначыла амбасадарам у Менск кадравага дыплямата Эвалдаса Ігнатавічуса.
Дыпляматычнае прадстаўніцтва Літвы ў Менску працуе без кіраўніка з таго часу, як былы амбасадар Лінас Лінкявічус у канцы мінулага году быў прызначаны міністрам замежных спраў.

Новы амбасадар заступіць на пасаду 8 красавіка, паведамляе БелТА.

Эвалдас Ігнатавічус працуе ў МЗС Літвы з 1991 году. Ён быў дарадцам амбасады Літвы ў Польшчы, загадчыкам аддзелу МЗС па справах Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі, генэральным консулам у Калінінградзкай вобласьці, амбасадарам у ФРГ. У 2001–2002 і 2009–2012 гадах ён быў намесьнікам міністра, працаваў таксама дзяржаўным сакратаром і сакратаром МЗС.