Чэрап, надрукаваны на 3D-прынтары, імплянтавалі чалавеку

3D-прынтар друкуе скульптуру на выставе ў Гановэры

Праведзеная на пачатку сакавіка апэрацыя прайшла пасьпяхова, але навукоўцы не сьпяшаюцца раскрываць дэталі хірургічнага прарыву.
З дапамогай тэхналёгіі 3D-друку навукоўцы стварылі імплянтат, які дазволіў аднавіць 75% чэрапу пацыента.

Напрыклад, пакуль невядома ні прозьвішча пацыента, ні асаблівасьці траўмы чэрапу. Але, як піша Los Angeles Times, ў амэрыканскай кампаніі Oxford Performance Materials, якая займалася стварэньнем імплянтату, распавялі пра дэталі самога працэсу.

Такім чынам, для таго, каб стварыць імплянтат, навукоўцы «адсканавалі» галаву пацыента і на аснове атрыманага малюнку, пераўтворанага ў кампутарную лічбавую мадэль, 3D-прынтэр надрукаваў чарапную каробку.

Пры стварэньні імплянтату выкарыстоўвалі адмысловы матэрыял — так званы палімэр ультравысокай прадукцыйнасьці, асаблівасьцю якога зьяўляецца тое, што зь ім могуць зрошчвацца клеткі касьцявога рэчыва.

Створаны на 3D-друкарцы імплянтат стоадсоткава пасуе пацыенту і надзейна абараняе мозг.

Кіраўнік Oxford Performance Materials Скот ДэФэліс лічыць, што такая тэхналёгія дае магчымасьць замяніць імплянтатам любы тып косткі, скарачае час апэрацыі і яе кошт, а таксама зьніжае рызыкі.

Аднак некаторыя калегі ДэФэліса паказваюць на тое, што лекарам, якія будуць праводзіць такія апэрацыі, трэба будзе шмат увагі надаваць назіраньню за пацыентам ужо пасьля апэратыўнага ўмяшаньня.