Сход дэпутатаў Вярхоўнага Савету XIII скліканьня. Жывы рэпартаж

У першым шэрагу Павал Знавец, Аляксандар Дабравольскі, Станіслаў Багданкевіч, Міхаіл Пастухоў

Дэпутаты сабраліся на сядзібе БНФ у Менску, каб падпісаць дакумэнт у абарону эканамічнага і палітычнага сувэрэнітэту краіны.
15:00 Пасьля грунтоўнага абмеркаваньня, у якім узялі ўдзел 11 дэпутатаў, быў прыняты дакумэнт «Намэнклятурная прыватызацыя — пагроза страце эканамічнага сувэрэнітэту Беларусі». Асноўная ідэя дакумэнту — што ўсе тыя зьдзелкі, якія робіць нелегітымная ўлада, прадаючы беларускую агульнародную ўласнасьць у сваіх інтарэсах, пры зьмене ўлады ня будуць лічыцца легітымнымі.

Дэпутаты заклікалі ўсіх грамадзянаў Беларусі далучыцца да іх заявы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сход дэпутатаў Вярхоўнага Савету XIII скліканьня


14:00 Усяго на сустрэчы выступілі 11 дэпутатаў Вярхоўнага Савета XIII скліканьня. Зараз ідзе праца над дакумэнтамі, якія будуць прымацца.

13:35 Выступае Генадзь Грушавы: «Дакумэнт па сутнасьці нічога ня варты. Нельга так пісаць дакумэнты, якія выходзяць зь Вярхоўнага Савету».

Генадзь Грушавы


13:30 Выступае Сяргей Калякін: «Дабрабыт беларусаў — гэта праяданьне будучыні. У нас былі калясальныя прэфэрэнцыі, якія ніхто не атрымаў на прасторах былога Савецкага Саюзу. Што мы сёньня стварылі? Мы вывелі нешта на сусьветны ўзровень? А сёньня ўлада ўзялася за праяданьне таго, што яна ўжо і не стварала. Прадажа Беларуськалію — гэта проста злачынства супраць беларускага народу.

Я як чалавек сацыялістычных перакананьняў згодны з высновамі Станіслава Багданкевіча.

Мы з вамі гэтую ўладу не прызнаём і яе рашэньні не прызнаём легітымнымі. Для нас спрэчка пра яе легітымнасьць — бессэнсоўная.

Я веру, што ў Беларусі будзе дэмакратычная сыстэма. І тады нашыя рашэньні будуць мець юрыдычныя наступствы. І пра гэта мусяць ведаць людзі і ў Расеі, і ў Кітаі, і ў Эўропе. Яны мусяць ведаць, што калі яны будуць купляць прадпрыемствы, то высокая верагоднасьць таго, што пры новай уладзе гэтая ўласнасьць будзе аднятая».

Падчас сходу


13:15 Выступае Аляксандар Дабравольскі: «Галоўная праблема — тое, што можа быць прададзены „Беларуськалій“. І пасьля мы ўжо нічога ня вернем. Можа быць прададзеная, напрыклад, Беларуская чыгунка. Калі мы зараз гэта ня скажам, то перавагу будуць мець карупцыянэры ў прыватызацыі. Трэба адлюстраваць тое, што прыватызацыя непразрыстая, негалосная.

Мая прапанова: абавязкова гэты дакумэнт прымаць, але ўдакладніць фармулёўкі і выкінуць, магчыма, лішні патас».

Павал Знавец і Аляксандар Дабравольскі


13:10 Выступае Ўладзімер Ганчарык: «Праект патрабуе сур’ёзнай рэдакцыі, у першую чаргу ў дачыненьні тэрмінаў. Што такое „сэйфавая“ прыватызацыя? Што такое „намэклятурная прыватызацыя“?

„Вось прыйдзем да ўлады — усё вернем народу“ — а як мы гэта зробім? Нам трэба думаць пра тое, што мы хочам сказаць. Мы хочам сумленнай і галоснай прыватызацыі. Я б падтрымаў прапанову прафэсара Багданкевіча пра дадатковы пункт: мы выступаем за забарону прыватызацыі прыродных рэсурсаў і найперш „Беларуськалію“.

Калі мы сёньня паставім пытаньне пра тое, што ўсе зьдзелкі незаконныя, то трэба ўлічваць, што маса аб’ектаў прыватызаваная нашымі людзьмі.

Дакумант трэба дапрацаваць».

Уладзімер Ганчарык


13:05 Выступае Людміла Гразнова: «Мы сёньня заявілі, што ўсе зьдзелкі па прыватызацыі нелегітымныя. Якая будзе рэакцыя патэнцыйных пакупнікоў на гэтую інфармацыйную, піяр-навіну? Заходнія інвэстары, якія прыслухаюцца да нас, падумаюць: „Яны кажуць, што зьдзелкі будуць незаконнымі? Ці варта сюды ісьці са сваімі капіталамі?“. Мы такім чынам адсякаем ад гэтага прыватызацыйнага рынку значную колькасьць заходніх інвэстараў.

Іншыя пакупнікі як будуць рэагаваць: „Чаму б сюды ня ўкласьціся?“

Мы ведаем, што ёсьць іншыя формы рынкавых стасункаў, якія будуюцца не на законнасьці. І ёсьць пакупнікі, для якіх словы нейкіх былых дэпутатаў нічога ня будуць значыць. Такім чынам кошты на дзяржактывы будуць зьніжаныя ў некалькі разоў, дзяржбюджэт недаатрымае грошы.

Валерый Шчукін


А на нашыя актывы прыйдуць тыя, хто працуе не па тых нормах, якія б нас задавальнялі. Мы трапляем у залежнасьць ад гэтых фігур.

Нам гэта выгадна? Для краіны гэта карысна?

Так ці інакш, працэс дыялёгу ў краіне будзе адбывацца. Калі-небудзь мы сядзем за адзін круглы стол: з аднаго боку мы, прадстаўнікі эліты, апазыцыі. З іншага боку — прадстаўнікі ўлады.

Калі сёньня мы прымем такую рамантычную заяву, як да нас будуць ставіцца нашыя людзі? Мы распісваемся ў сваім непрафэсіяналізьме. Я выступаю супраць такіх зваротаў!»

12:50 Станіслаў Багданкевіч: «Прыватызацыю мусіць праводзіць легітымная ўлада. Бо пад выглядам прыватызацыі мы распрадаём агульнанацыянальную вартасьць. У нас такой улады няма. Гаварыць пра законнасьць прыватызацыі немагчыма.

Другое — вышэйшы орган дзяржаўнай улады мусіць вызначыць пералік дзяржаўных актываў, якія ў бліжэйшыя 15-20 гадоў у прынцыпе ня мусяць прадавацца. Іх у нас няшмат. У першую чаргу гэта калійныя солі. Гэта прадаваць ні за якія грошы нельга. Пасьля трэба вызначыць, у якіх дзяржактывах кантрольны пакет мусіць застацца ва ўласнасьці дзяржавы.

Мы мусім замацаваць заканадаўча, што гэта капітал і што ён мусіць быць захаваны. Яго трэба толькі нарошчваць. На спажываньне ў бюджэт яго немагчыма залічаць. Ён мусіць быць захаваны для нацыі, для грамадзтва. Таму ўлада мусіць адкрыць сайт у інтэрнэце для народа: атрымалі 5 мільярдаў ад Белтрансгазу — і куды выкарыстоўваеце гэтыя сродкі? Вось гэта галоўнае. І па крэдытах тое самае трэба зрабіць».

Багданкевіч зьвяртае ўвагу на аўтарытарнае кіраваньне беларускай эканомікі, лічыць, што трэба мяняць гэтую мадэль. Структурныя зьмены, якія патрэбныя краіне — гэта нарошчваньне малога і сярэдняга прыватнага бізнэсу.

«Мы жывем не па сродках. Мы закладаем бомбу, чарговую дэвальвацыю, чарговае зьнікненьне нашых зьберажэньняў.

Мы мусім прыйсьці да ўлады праз выбары. Як гэта зрабіць, я ня ведаю. Я эканаміст, а вы палітыкі. Вы кепска працуеце», — папікае былых дэпутатаў Станіслаў Багданкевіч.

12:40 Выступае прафэсар Міхаіл Пастухоў. Ён назваў сёньняшні сход «гістарычным».

Міхаіл Пастухоў


«Хачу нізка пакланіцца тым дэпутатам, якія засталіся верныя Канстытуцыі 1994 году».

«Вярхоўны Савет быў незаконна распушчаны па выніках увядзеньня ў дзеяньне новай рэдакцыі Канстытуцыі краіны ў лістападзе 1996 году. Я хачу пацьвердзіць словы, сказаныя дэпутатам Лябедзькам. Сапраўды, дэпутаты ВС, якія не ўвайшлі ў склад Палаты прадстаўнікоў, захавалі сваю легітымнасьць да цяперашняга часу. Я лічу сябе легітымным судзьдзём Канстытуцыйнага суду».

12:30 Выступае Анатоль Лябедзька: «У свой час кожны з нас зрабіў вялікі грамадзянскі ўчынак. Мы сабраліся сваім колам. У кожнага з нас была мажлівасьць застацца ў кабінэце на тры вакны з пэрсанальным аўтамабілем, не наклікаць на сваю галаву праблемы. Але мы зрабілі такі ўчынак, паказалі, што ў Беларусі ёсьць людзі, якія думаюць нацыянальнымі інтарэсамі. І гэта проста здорава. І сёньня прыйшоў час зрабіць яшчэ адзін такі ўчынак. Калі мы прымем гэты дакумэнт, то можам больш нічога не прымаць. Але гэты крок застанецца і стане падставай для самых важных рашэньняў у краіне».

Анатоль Лябедзька


12:10 Пачатак сходу затрымаўся, бо чакалі, пакуль прыбудзе Сяргей Калякін і яго аднапартыйцы. Цяпер сход значна ажывіўся. Агулам у залі каля двух дзясяткаў дэпутатаў.

Карыстаючыся затрымкай, журналісты бяруць інтэрвію і робяць фатаздымкі. Журналістаў у залі, бадай, ня меней за саміх дэпутатаў.

Пачынаецца сход. Вядучымі сходу абраныя Анатоль Лябедзька і Сяргей Калякін. На пачатку хвілінай маўчаньня згадалі тых, каго ўжо «няма разам з намі».

Лябедзька: «Сытуацыя з уласнасьцю ў Беларусі прымусіла нас сабрацца разам. Ёсьць рэальная пагроза, што мы можам страціць краіну. Нас непакоіць, што можа паўтарыцца тая „прыхватызацыя“, якая была ў Расеі. Таму сёньня будзем падпісваць дакумэнт».

Калі зьбіраліся апошнім разам, дэпутаты ўжо ня могуць і згадаць. Сярод удзельнікаў збору — Станіслаў Багданкевіч, Аляксандар Дабравольскі, Валер Шчукін, Уладзімер Ганчарык, Людміла Гразнова.

Лябедзька: «Кагосьці ўжо няма, як Генадзя Карпенкі, хтосьці выехаў з краіны. Сёньня мы падпішам дакумэнт тут, а пазьней прапануем усім грамадзянам Беларусі паставіць пад ім свой подпіс».

Выступае Анатоль Лябедзька