«Жлобінскага тэрарыста» суд прызнаў псыхічна хворым

Сталі вядомыя падрабязнасьці пра спробу тэрарыстычнага акту ў Жлобіне ў 2012 годзе і пра лёс зламысьніка, якога міліцыянты затрымалі на месцы здарэньня. Назіральнікі адзначаюць агульныя рысы ў інцыдэнтах, якія афіцыйна абвяшчаюць спробамі тэракту.
22-гадовага жыхара Жлобіна, які ў траўні мінулага году спрабаваў узарваць самаробнае выбуховае прыстасаваньне каля будынка мясцовай міліцыі, суд прызнаў псыхічна хворым і накіраваў для прымусовага лячэньня ў псыхіятрычны шпіталь. Стала вядома, што затрымаў няўдалага тэрарыста на месцы здарэньня маёр міліцыі Ўладзімер Бухаўцоў. Злучыцца з самім Бухаўцовым не ўдалося — у Гомельскай абласной управе міліцыі, дзе ён цяпер працуе, адмовіліся даваць тэлефон міліцыянта.

Чытаю расповед Уладзімера Бухаўцова пра здарэньне ў Жлобіне, які прыведзены ў часопісе «Спэцназ». Паводле маёра Бухаўцова, за момант да затрыманьня зламысьнік спрабаваў падарваць самаробную бомбу, але гэта ў яго ня выйшла. «Ужо калі прыстасаваньне было абясшкоджана, высьветлілася прычына адмовы. У нэрвовым стане хлопец проста зблытаў кантакты, замыкаючы два аднапалярныя», — цытуюцца словы Ўладзімера Бухаўцова.

У 2012 годзе ў першых паведамленьнях пра затрыманьне «тэрарыста» са Жлобіна паведамлялася, што ён насіў на галаве вязаную шапачку з надпісам па-арабску. Уладзімер Бухаўцоў пацьвярджае, што зламысьнік начытаўся ісламісцкіх сайтаў і вырашыў адпомсьціць «няверным», узарваўшы міліцыянтаў ды сябе разам зь імі. Чаму аб’ектам нападу «тэрарыст» са Жлобіна абраў менавіта будынак мясцовага РАУС, маёр Бухаўцоў не ўдакладняе.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету, жлобінскі грамадзкі актывіст Марат Афанасьеў адзначае шэраг несупадзеньняў у міліцэйскай вэрсіі здарэньня з тым, што казалі сьведкі інцыдэнту:

«У той дзень у горадзе праводзілі вучэньні МНС, я сам бачыў іх аўтамабілі, якія езьдзілі па горадзе ў пэўных мэтах. І якраз у той момант гэта здарылася. Па-першае, у мяне выклікае сумненьні надпіс па-арабску на шапцы, прычым з адпаведным сэнсам. Адкуль 20-гадовы хлопец ведаў сэнс гэтага надпісу? Другое. У тым месцы было шмат людзей, якія бачылі, як усё адбывалася. Паведамлялі, што адзін міліцыянт праявіў пільнасьць. А „тэрарыст“ нібыта замкнуў два правады адной палярнасьці. Як можна ў батарэйцы пераблытаць клемы, калі ў яе ўсяго два полюсы? Нават былыя міліцыянты, зь якімі давялося абмяркоўваць гэтае здарэньне, кажуць, што тут шмат што прыдумана».

Марат Афанасьеў згадвае расповеды сьведак пра плястыкавыя бутэлькі, якія «тэрарыст» кідаў у будынак РАУС. «Відавочна, што ў плястыкавыя бутэлькі „кактэйль Молатава“ не разьліваюць, бо яны не разьбіваюцца. Гэтак мог зрабіць толькі зусім недасьведчаны чалавек», — заўважае Марат Афанасьеў. Паводле спадара Афанасьева, затрыманы малады чалавек стаяў на ўліку як псыхічна хворы яшчэ да здарэньня, але чамусьці ўлады не прадухілілі інцыдэнт:

«Цалкам магчыма, што яго нехта кантраляваў і, магчыма, нейкімі дзеяньнямі падштурхоўваў да гэтага. Такое цалкам магло быць».

У лістападзе 2012 году здарыўся выбух самаробнага выбуховага прыстасаваньня каля ўправы Віцебскага КДБ. У лютым 2013 году віцебскі КДБ і абласная міліцыя паведамілі, што злачынства раскрытае і пад варту паводле падазрэньняў у хуліганстве ўзятая мясцовая жыхарка 1970 году нараджэньня, у якой знайшлі самаробныя выбуховыя прылады і сшыткі з запісамі пра выраб бомбы. У віцебскім КДБ кажуць, што затрыманая адмовілася даваць паказаньні. На сёньня пра заканчэньне крымінальнай справы невядома.

Паводле былога міліцыянта зь Віцебску Сяргея Парсюкевіча, у горадзе кажуць пра дрэннае псыхічнае здароўе затрыманай жанчыны. Чаму зноў падазроны ў тэрарызьме можа аказацца вар’ятам і чаму месцам нападу зноў абіраецца будынак сілавой установы?

Сяргей Парсюкевіч

«Хто ж ведае, што ў чалавека ў галаве. Але я разумею гэтак, што калі чалавек незадаволены дзяржавай, незадаволены пэўным ведамствам, то ён знаходзіць сабе ворага і зь ім змагаецца. Толькі так».

Сяргей Парсюкевіч не выключае, што некаторыя напады на сілавыя ўстановы могуць быць інсцэніроўкамі. «Сілавікоў усё больш, а працы ў іх усё менш, бо поле супраціву цалкам зачышчанае. А ім трэба паказаць, што яны ўдарна працуюць», — кажа Сяргей Парсюкевіч. Аднак што да леташняга віцебскага выбуху, былы міліцыянт ня лічыць яго інсцэніроўкай:
«Дакладна ведаю, што шмат „гэбэшнікаў“ пацярпелі не ад самога выбуху, а ад таго, што ён адбыўся. Некаторых званьняў пазбавілі, шмат каму вымоваў панавешвалі, а пасьля вымоваў пазбавілі прэміяў. Што яны нібыта недагледзелі».

_______________________________________________

У кастрычніку 2010 году ў Бабруйску невядомыя зламысьнікі закідалі будынак мясцовай управы КДБ бутэлькамі з запальнай сумесьсю. 18 траўня 2011 году суд Бабруйску і Бабруйскага раёну вынес прысуд па гэтай справе, асудзіўшы Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава на сем гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У канцы 2012 году Павал Сырамалотаў быў памілаваны і выйшаў на волю, Яўген Васьковіч і Арцём Пракапенка працягваюць адбываць пакараньне ў турме Магілёва і ў магілёўскай калёніі.