Ужо сёньня: абмеркаваньне Дня Волі, прэс-канфэрэнцыя аб беларускай спадчыне, публікацыя згубленых вершаў Кіплінга

Дзень волі 1997 год. Ад цэнтру зьлева направа — Юры Хадыка, Юры Захаранка, Генадзь Карпенка.

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі 7 сакавіка.
У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

На сустрэчу ў офісе Партыі БНФ (Менск, вул. Чарнышэўскага, 3) зьбяруцца чальцы аргкамітэту для сьвяткаваньня Дня Волі. Пачатак аб 11.00.

Прэсавая канфэрэнцыя да Дня Волі



У Грамадзкім прэс-цэнтры Дому прэсы (Менск, вул. Хмяльніцкага, 10а) адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя «Актуальныя пытаньні захаваньня і адраджэньня (рэстаўрацыі) аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі». Пачатак аб 11.00.

У Нацыянальным гістарычным музэі (Менск, вул. Маркса, 12) пройдзе круглы стол «Нэалітычная кераміка Беларусі». Пачатак а 9.30.

Кім Чэн Ын з баскетбалістам Дэнісам Родманам

У сядзібе ААН у Нью-Ёрку мае прайсьці галасаваньне аб рэзалюцыі Рады бясьпекі ў адказ на нядаўняе ядзернае выпрабаваньне КНДР.

У Вялікабрытаніі чакаецца публікацыя 50-і вершаў знакамітага ангельскага пісьменьніка Джозэфа Рэд’ярда Кіплінга. Раней усе гэтыя вершы лічыліся згубленымі.

У брытанскім Бірмінгеме пачнецца найбольшая сусьветная выстава сабак Crufts (працягнецца да 10 сакавіка).


У ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


1768 — дамоваю паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай на тэрыторыі апошняй былі ўраўнаваныя ў правох каталікі і праваслаўныя.

1850 — нарадзіўся кіраўнік чэхаславацкай дзяржавы Тамаш Гарык Масарык. У 1918 годзе Масарык вярнуўся ў Чэхію зь пяцігадовай эміграцыі ў Францыі і быў абраны прэзыдэнтам краіны. А ўсяго чэхі і славакі выбіралі яго на найвышэйшую пасаду чатыры разы.

Першы прэзыдэнт незалежнай Чэхаславаччыны Тамаш Масарык у Бабруйску



«Дыктатары заўсёды выглядаюць добра — аж да апошняй хвіліны».
Тамаш Гарык Масарык
1872 — нарадзіўся беларускі кампазытар і пэдагог Васіль Залатароў, народны артыст БССР. Сярод вучняў Залатарова — Леў Абеліёвіч, Анатоль Багатыроў, Дзьмітры Лукас, Уладзімер Алоўнікаў, Пётар Падкавыраў.

1876 — Аляксандар Бэл запатэнтаваў тэлефон.

1924 — прэзыдыюм Цэнтральнага выканаўчага камітэту СССР выдаў пастанову аб узбуйненьні БССР.

1931 — памёр Павал Дземідовіч, дасьледнік беларускай этнаграфіі і фальклёру.

1943 — савецкія партызаны расстралялі ў Менску беларускага нацыянал-сацыялістычнага палітыка Фабіяна Акінчыца.

1967 — у СССР увялі пяцідзённы рабочы тыдзень.

1983 — памёр Антон Сокал-Кутылоўскі, вайсковы і грамадзкі дзяяч, адзін з кіраўнікоў антысавецкага Слуцкага паўстаньня, вязень ГУЛАГу.

1985 — Віцебскі абласны суд асудзіў Міхася Кукабаку паводле артыкулу «антысавецкая прапаганда і агітацыя» да пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 гадоў.

2006 — Аляксандар Казулін напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў наведаў Бэрлін. Нямецкі МЗС заклікаў улады Беларусі гарантаваць бясьпеку кандыдатаў.

Аляксандар Казулін