Памёр Валянцін Грыцкевіч

Валянцін Грыцкевіч

З Санкт-Пецярбургу прыйшла жалобная вестка пра сьмерць слыннага гісторыка і грамадзкага дзеяча Валянціна Грыцкевіча.
Гэта здарылася 5 сакавіка пасьля цяжкай і працяглай хваробы. Валянціну Грыцкевічу ішоў 80-ты год.

Валянцін Грыцкевіч нарадзіўся 30 сакавіка 1933 году ў Менску, у сям’і настаўніка і мэдыка. Скончыў Інстытут замежных моваў (1955), Мэдыцынскі інстытут (1956), гістарычны факультэт БДУ (1957). Працаваў лекарам ва Ўзьлянах на Меншчыне, у Менску, Ленінградзе. З 1971 году — старшым навуковым супрацоўнікам Ваенна-мэдыцынскага музэю Мінабароны СССР. Адначасова выкладаў гісторыю ў Пецярбурскім (Ленінградзкім) унівэрсытэце культуры (з 1980 г.), з 1988 г. — дацэнт катэдры музэязнаўства гэтага ж інстытуту.

Навуковыя дасьледаваньні Валянціна Грыцкевіча былі прысьвечаныя гісторыі беларускай мэдыцыны (кандыдацкую дысэртацыю абараніў у 1963 г.) Напісаў кнігі «З факелам Гіпакрата», «Адысея наваградзкай лекаркі: Саламея Русецкая», «Падарожжы нашых землякоў», «Дзесяць шляхоў зь Вільні», «Нашы славутыя землякі», «Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна», «Эдуард Пякарскі», «Успаміны і дзёньнікі ў фондах ваенна-мэдыцынскага музэю: Анатаваны каталёг», «Ваенныя мэдыкі — кавалеры ордэна Славы трох ступеняў»; «Шляхі вялі празь Беларусь»…

Валянцін Грыцкевіч быў адным з арганізатараў і неадменным старшынём Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Пецярбургу (з 1989 г.), сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Міжнароднага ПЭН-цэнтру, ганаровым сябрам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябрам Расейскага геаграфічнага таварыства, Пецярбурскага таварыства гісторыкаў мэдыцыны, замежным сябрам Беларускага таварыства гісторыкаў мэдыцыны, сябрам Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».